Читать «Здрада» онлайн

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Здрада

Погибших товарищей имена

Доселе не сходят с губ.

Э. Багрыцкі

1

На быльняговы ўзмежак, няроўны бруствер акопа і адзінокую гармату з затуманенай вечарам высі сыпаў снег. Сцюдзёны сіверны вецер самаўладна гаспадарыў у непрыбраным кукурузным прасцягу, гойдаў, ірваў і матляў змёрзлыя паламаныя сцяблы, поўніў прастор беспрытульным шорхатам першай завеі.

Снег пайшоў надвячоркам, калі на вялізным раўнінным абшары не засталося нічога, апроч пакарэжаных гарэлых танкаў, пабітых коней, старых і свежых варонак і трупаў. Нямецкія танкі, учыніўшы гэты нечаканы разгром, глуха раўлі недзе на ўсходзе, хутка адносячы ў звечарэлую далеч шматгалосае грымоцце бою. Цяпер тое грымоцце ўжо выдыхалася, страляніна глухла, толькі калі-нікалі самы моцны або самы блізкі з выбухаў скаланаў зямлю. Дробныя камякі з бруствера каціліся тады ў акоп і глуха лапацелі там па лубяной плашч-палатцы, пад якой ляжаў камандзір гэтай гарматы сяржант Скварышаў. Ён быў забіты раніцай, у час першай атакі танкаў. Як трохі пацішэла, яфрэйтар Кеклідзе зняў з сябе тую палатку і накрыў камандзіра. Праз якую гадзіну стала патрэбна накрыць і самога Кеклідзе, але зрабіць гэта ўжо не было чым і не было калі: усе адбівалі новую атаку, пасля наступную. Так, абсыпаны снегам, яфрэйтар і застаўся да вечара на ўскрайку стаптанай кукурузы, сярод параскіданых гільзаў і парожніх снарадных скрынак.

Яго трэба было б прыбраць, закапаць, каб ворагі не ганьбілі мёртвага чалавека, але замковы Цімошкін ужо не мог устаць з бруствера і дайсці да забітага. Гэты страшэнны дзень дарэшты адабраў усе яго сілы. Вельмі балела параненая рука, увесь час хацелася пакласці яе лепей, паправіць, знайсці дзе зручнае месца. Апоўдні, калі асколак нямецкае міны секануў па далоні, хлопец бадай не адчуў вялікага болю; не дужа дакучаў ён і пасля, калі наводчык Шчарбак двума індпакетамі перавязаў рану. У той час нямецкія танкі падышлі да самых прысадаў — за дзвесце метраў ад агнявой пазіцыі, і саракапятчыкі стралялі па іх падкалібернымі, пакуль тыя яшчэ былі ў іх. Пасля танкі ўсё ж прарваліся і шыбанулі на фальварак, у тылы палка. Яшчэ праз якую гадзіну пяхота адступіла, а яны засталіся. Пакінуць гармату хлопцы не мелі права, а вывезці яе не было як — абодва іх трафейныя біцюгі ўжо ляжалі ў кукурузе забітыя. Так яны і асталіся тут, двое жывых — Шчарбак і Цімошкін; пазней да іх з кукурузы прыйшоў ездавы Здабудзька. Апусціўшы голаў, ён вінавата стаяў цяпер на агнявой пазіцыі ў сваім кароткім, падпаленым знізу шынялі, туліўся ад ветру і маўчаў. Шчарбак, прысланіўшыся да шчыта гарматы, заклапочана глядзеў у заснежаную далеч, дзе ішоў бой. Гукі бою тым часам слабелі, выбухі цішэлі, ужо трэба было прыслухоўвацца, каб учуць праз вецер кулямётныя чэргі, якія паўгадзіны назад люта лупцавалі прастор. Пяхоты ў немцаў, пэўна, было нямнога, яна імкліва рванулася ля дарогі за танкамі, і цяпер тут, на полі бою, не чутна было нікога. Меўшы якое цягло, яны, пэўна, здолелі б уратаваць гармату і сябе. Але коней у іх не было, і віноўнікам тае бяды яны лічылі Здабудзьку.