Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 75

Васіль Быкаў

— Рукі ўгору!

Па ўсім відаць, што гэта былі партызаны, хоць поўнай упэўненасці ў тым у Леўчука не было. Ён нетаропка падняўся з зарасніку, пакінуўшы ў доле малога і хаваючы за сабой парабелум. Але гэтая яго нерашучасць відавочна не задаволіла коннікаў. Адзін з іх, што быў у старой гімнасцёрцы і ссунутай на патыліцу чорнай кубанцы, рашуча павярнуў каня ў папараць.

— Кідай пістоль! Ну! I рукі ўгору!

— Ды ладна, — прымірэнча сказаў Ляўчук. — Свой! Чаго там…

— Гледзячы каму свой!

Ляўчук ужо ўпэўніўся, што гэта былі партызаны, і яму не хацелася кідаць пісталет, бо невядома, ці яны аддалі б яго зноў. I ён цягнуў час, невядома на што спадзеючыся. А яны тым часам ужо ўсе паз'язджалі з дарогі і пачалі неўпрыкмет абкружаць яго. Мусіць, сапраўды трэба было кідаць парабелум ды паднімаць рукі.

— Глядзі, ды ён жа з балота! — здагадаўся другі, маладзенькі, з востранькім тварам хлопец.

— З балота, факт. З таго берага, — маючы на ўвазе нешта сваё, сказаў першы і саскочыў з каня ў папараць.

У гэты час збоку да Леўчука пад'ехаў і трэці,— мусіць старэйшы за двух першых мужчына ў шэрай расшпіленай ватоўцы, і яго паголены хударлявы твар з чорнымі вусікамі здаўся Леўчуку знаёмы. Нібы што ўспамінаючы, той углядаўся ў гэтага незвычайнага ляснога сустрэчнага.

— Пастой! Дык гэта ж з «Геройскага»! Ляўчук твая фамілія, ага?

— Ляўчук.

— Дык гэта ж, памятаеш, мы тады разам раз'езд ірвалі? Во як дрызіна ў нас пулянула?

Ляўчук раптам усё прыгадаў. Гэта было мінулай зімой на раз'ездзе, дзе яны з гэтым вусатым цягнулі на рэйкі шпалу, каб не даць праскочыць на стрэлкі дрызіне, якая садзіла ўздоўж пуцей з кулямёта. Гэты вусаты яшчэ згубіў у канаве валёнак, які ніяк не мог намацаць босай нагой у глыбокім снезе, і яны абодва ледзь не паляглі там пад кулямётным агнём.

Ляўчук сунуў у кабуру пісталет, а хлопцы, давяраючы таварышу і памалу спакайнеючы, паўбіралі за плечы свае аўтаматы. Вусаты з цікаўнасцю агледзеў Леўчука.

— Ты што, з балота?

— Ну, — проста адказаў Ляўчук і асцярожна ўзяў на рукі малога.

— А гэта што?

— Гэта? Чалавек. Дзе тут каб жанкі? Мамку яму трэба, малы ён, суткі не еў.

Хлопцы прымоўклі, трохі здзіўленыя, а ён расхінуў пінжак і паказаў ім тварык малога.

— Ого! Сапраўды! Глядзі ты… А дзе ўзяў?

— Доўгая гісторыя, хлопцы… Да якой бабы трэба. Есці яму трэба, а то прападзе.

— Ды ў сямейны лагер аддаць. Лагер тут недалёка, — ужо амаль па-сяброўску сказаў той, што быў у кубанцы, і ўскочыў у сядло. — Кулеш, давай адвязі. Пасля дагоніш.

— Не, — сказаў Ляўчук. — Я павінен сам. Тут такая гісторыя… Сам я павінен. Гэта далёка?

— Гледзячы як. Дарогай — далекавата. А цераз ручай — дзесяць хвілін.

Яны выйшлі з папараці на дарожку. Коні нецярпліва круціліся пад седакамі, якім, відаць, карцела некуды ехаць, але і гэтага балотнага сустрэчнага, што аказаўся знаёмы іхняму таварышу, таксама нялоўка было пакідаць аднаго без дапамогі.