Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 74

Васіль Быкаў

Адной рукой прыхінуўшы да сябе малога, Ляўчук бег, скакаў, зыбаўся па замшэлай дрыгве, дзе спраўляўся перабегчы раней, чым імшарына ўтоне ў вадзе, а дзе і не паспяваў. I тады ён зноў каторы ўжо раз плёхаў па пояс у тарфяністай твані, кідаўся ў адзін бок, у другі, стараючыся выбрацца на цвярдзейшае. Мокрае яго адзенне агідна абліпала цела, пры кожным кроку плёхала з халяваў ботаў, алезатое ад руху ён перастаў дрыжаць, нават сагрэўся. Ён толькі асцерагаўся, каб не ўтапіць у багне свой скрутак з маленькім у ім чалавечкам, а сябе ўжо аберагаць перастаў. Але балота ўсё ж канчалася, наперадзе на грудку шчыльненька зелянеў хвойнік — значыць, там пачынаўся бераг. Толькі хто і што чакае яго на тым хваёвым грудку?

Нарэшце ён адолеў балота і па мокрым, але ўжо не дрыгвяністым тарфяніку выбег на зарослы сіўцом і верасам пясчаны пагорак. Боты, цвіркаючы і чвякаючы, затупалі па сухім. Выгляд яго, мусіць, быў страшны — мала што мокры з галавы да пят, дык яшчэ ўвесь аблеплены тванню; на плечы і рукавы паначаплялася нейкай валакністай водарасці, раска і іншая зялёная драбяза напрыліпала да вопраткі. Але малога ў пінжаку ён, здаецца, намачыў не вельмі, і калі той усё неспакойна валтузіўся і плакаў, дык, мусіць, болей з голаду. Гэты яго плач і падганяў Леўчука. Стрэлаў, якія ўсё яшчэ патрэсквалі здаля, ён не надта баяўся, ён ужо вырваўся з-пад іх пагрозы, і цяпер яго гнаў новы клопат.

Ён бег. Хоць і нязручна было ў такім яго стане (мусіць, трэба б хоць выкруціць вопратку і пераабуцца), але ён ускарабкаўся на грудок, прадраўся праз хваёвы гушчар і раптам апынуўся на вузенькай, хоць і добра ўезджанай лясной дарожцы. Калі ёсць дарожка, дык павінна быць недзе і вёска, з палёгкай падумаў Ляўчук. Абы-толькі не напаткаць немцаў.

Ён не надта жвава пабег па ёй, усё чвякаючы левым ботам, і, мусіць, ад гэтага яго бегу малы патрохі прыціх, а пасля і зусім змоўк — заснуў ці проста загушкаўся на ягоных руках. Тады Ляўчук пайшоў цішэй, ён ужо сагрэўся і пачаў прыглядацца да лесу, каб дзе на хвіліну прысесці ды выціснуць вопратку. Мусіць, немцаў тут не было, а ісці давядзецца яшчэ немаведама колькі, так ён парэжа ногі ў мокрых, са збітымі анучамі ботах.

Толькі ён падумаў пра гэта, прыглядаючыся да зарасніку папараці, што высока буяла ля самай дарогі, як пачуў блізкія галасы і конскі тупат. Ён хуценька шаснуў з дарогі, але, мабыць, было позна, і тыя, што ехалі на конях, паспелі згледзець яго. Згорбіўшыся за кустом ядлоўцу, ён напружана чакаў, спадзеючыся, што, можа, яны праедуць, але яны не праехалі. Тупат на дарозе раптам сціх, і ледзь не над яго галавой пачулася пагрозлівае:

— Эй, а ну вылазь! Ляўчук злосна ў думках вылаяўся — на якіх гэта ён д'яблаў налез? Па голасе нібыта нашыя, але хто ведае — можа, і немцы або паліцаі. Не выпускаючы з рук малога, ён асцярожна выцягнуў з кабуры парабелум, ціха нахіліўся за кустом, каб выглянуць на дарогу, і нечакана ўбачыў іх зусім побач. Яны, мусіць, таксама ўбачылі яго — гэтыя трое конных, апранутых, праўда, па-партызанску, хто ў што, якія глядзелі цяпер у папараць, скіраваўшы сюды аўтаматы — нашы, савецкія ППШ.