Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 76
Васіль Быкаў
— Ну ладна! — урэшце рашыў той, у кубанцы, мабыць, ён быў старшы. — Кулеш, пакажы дарогу і даганяй. Ля борці мы пачакаем.
Вусаты Кулеш завярнуў каня, і Ляўчук таропка падаўся за ім па дарозе. Ён ішоў шпаркім крокам, згадваючы, у якую гэта брыгаду ён трапіў, хаця, напэўна, не ў Першамайскую. З Першамайскай гэты Кулеш зімой не мог быць на раз'ездзе — Першамайская тады дзейнічала недзе пад Мінскам і толькі вясной паявілася ў гэтым краі. Кулеш таксама акінуў Леўчука цікаўным выпрабавальным позіркам.
— Гэта не па табе немцы пулялі? У балоце?
— Па мне, ага. Ледзьве ўцёк.
— Глядзі ты. Там жа дрыгва о-ёй!
— Ды ўжо ж! Думаў, пухіры пушчу. А ты цяпер не ў Кіраўскім? — асцяролша пацікавіўся Ляўчук.
— У Кіраўскім, ну, — ахвотна адказаў Кулеш. — Зашчамілі і нас, сволачы! Да ўчарашняга было ціха, а ўчора цісканулі. Чуеш, грыміць як? Адбіваемся.
Ляўчук ужо чуў, як грымела дзесьці ў тым напрамку, куды яны ехалі. Страляніна, праўда, была далекаватая, але густая, з раскоцістым лесавым водгуллем.
— Слухай, а гэта часам не твой? — кіўнуў Кулеш на ягоную ношу.
— Не, не мой, — сказаў Ляўчук. — Друга майго.
— Во як! Ну што ж, зразумела.
— Не паспеў нарадзіцца і ўжо сірата. Ні бацькі, ні маткі.
— Вывае, — уздыхнуў Кулеш. — Цяпер гэта проста.
Ляўчук хуткім крокам сігаў поруч з рахманым Кулешавым конікам і паступова адыходзіў нутром ад усяго нядаўна ім перажытага. Мабыць, ён канчаткова ўжо ўратаваўся сам і ўратуе малога — гэта галоўнае, хоць ён быў занадта ўмораны, каб як мае быць парадавацца з гэтай прычыны. Цяпер, калі столькі жахлівага засталося па той бок балота, якое ўсё ж уратавала яго, ён адчуў толькі цягучую тупую знямогу і, амаль бегучы за канём, усё кідаў наперад нецярплівыя позіркі — ці не пакажацца нарэшце той лагер? Ужо далей лагера ён не пойдзе, спярша выспіцца, а пасля, можа, пакажацца якому доктару са сваёй ранай. Мокрая, не перавязаная як след, яна то тупа балела, то пачынала нясцерпна свярбець на яго плячы, — па ўсім відаць, нарывала — не хапала яшчэ якога заражэння, што тады будзе рабіць? Цяпер яго пачала непакоіць рана.
— Ужо недалёка, — сказаў Кулеш. — Пераедзем ручай, і — лагер.
Ляўчук стомлена ўздыхнуў і зірнуў на малога — той, пэўна, драмаў. Дарожка ішла ўніз, з хваёвага грудка па лужку да ляшчынніку над ручаём, і тады яны ўбачылі здаля, як на тым баку, быццам ім напярэймы, без усякага парадку бягуць людзі з вінтоўкамі. Адзін, згледзеўшы іх, замахаў рукой, і Кулеш нацягнуў повад.
— Што такое?
На дарожку выбег смуглявы, з рашучымі жарсткаватымі вачамі чалавек у нямецкім мундзіры, з нямецкім аўтаматам у руцэ; на ягоных грудзях целяпаўся вялікі бінокль, і Ляўчук здагадаўся, што, мабыць, гэта нейкі камандзір кіраўцаў.
— Кулеш, стой! — крыкнуў камандзір і закінуў на плячо аўтамат. — Хто такі? — кальнуў ен Леўчука пагрозлівым позіркам.
— Гэта з «Геройскага», — адказаў за яго Кулеш. — Во малога ў сямейны лагер нясём.
— Якога малога? — абурана закрычаў камандзір. — Усе ў строй! Немцы прарваліся, чуеш, што робіцца?