Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 77
Васіль Быкаў
З ляшчынніку на дарогу выскачыла чалавек дзесяць партызан. Усе былі захаканыя, мусіць, ад доўгага бегу і нерашуча спыняліся, прыслухоўваючыся да нечаканай сутычкі іх камандзіра са знаёмым Куляшом і незнаёмым партызанам з «Геройскага».
— Што ж, з рабёнкам — у строй? — здзівіўся Кулеш.
— Ладна, ты вязі рабёнка! — хутка рашыў камандзір. — А ты — у строй! Дзе вінтоўка?
— Няма, — сказаў Ляўчук. — Во пісталет.
— Станоўся з пісталетам. За мной, марш!
Ляўчук секунду памарудніў, хацеў сказаць, што паранены, але ўзбуджаныя твары камандзіра і яго байцоў пераканалі яго, што лепей паслухаць. Такія не дужа стануць упрошваць або разбірацца ў тваіх апраўданнях — такія звычайна, калі што не так, хапаюцца за пісталет. Ляўчук гэта ведаў.
I ён аддаў малога Куляшу, які не дужа спрытна, з асцярогаю падняў яго на сядло.
— Галоўнае, да цёткі якой. Каб карміла, — напомніў Ляўчук.
— Будзе зроблена. Ты не турбуйся.
Чарнявы з гарачымі вачамі ўзбег на грудок вышэй і азірнуўся. Ляўчук, аднак, стаяў, чамусьці спалохаўшыся, што Кулеш выпусціць малога, а той таўхануў стаптанымі абцасамі каня і раптам спыніўся.
— Гэй, а зваць яго як?
— Зваць? — здзівіўся Ляўчук. Сапраўды, можа ён развітваўся з ім назаўжды, а імя яму так і не даў. Ды ці ён думаў дагэтуль пра імя? Ен нават не спадзяваўся, што яно калі-небудзь спатрэбіцца.
— Віктар! — крыкнуў ён, прыпомніўшы, што так звалі Платонава. — Віктар, скажы. А прозвішча Платонаў. Віктар Платонаў.
— Ясна,
Кулеш памчаў па дарожцы і хутка схаваўся за павароткай, а Ляўчук зябка здрыгануўся ад свае мокрае вопраткі і стомлена пабег даганяць чарнявага. Ужо чутно было, як у тым кірунку бахнулі вінтоўкі, і першыя кулі струнка задзігалі ў ранішнім небе…
17