Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 73

Васіль Быкаў

Тым часам на беразе іх стала ўжо трое. Пярэдні перабег далей, затое два іншых разам прыклаліся да аўтаматаў, і струмень куляў са свістам пранёсся каля ягонай алешыны. Аднекуль зверху плюхнулася ў ваду збітае кулямі маленькае травяное гняздзечка; у паветры паплыў белы пух, і некалькі пер'яў асела на яго купіну. Ляўчук затуліў малога рукой, уціскаючы яго як мага ніжай у мох, другой накіраваў пісталет на бераг. Ён збіраўся стрэліць у таго, што, змяніўшы магазін, прымерваўся для трэцяй чаргі. Праўда, для пісталетнага стрэлу было далекавата, ад напружання і дрыготкі яму было цяжка зладзіць з рукой. Усё ж ён прыцэліўся. Але нечакана новая думка з'явілася ў яго галаве, калі ён адчуў, што б'юць яны чамусь па-над купінай, быццам паверсе; іхнія чэргі ідуць па-над яго галавой і далей. Ён асцярожна азірнуўся і ўбачыў, як густа ляцела ў паветра лістота з лазовага куста, у які ён нядаўна яшчэ хацеў улезці. I тады ён сцяміў, што яны, пэўна, бачаць там найбольш падазронае месца і таму так старанна абстрэльваюць яго.

Тады ў Леўчука зноў загарэлася надзея, ён шчыльней захінуў малога, сам аглушаны трэскатам і рэхам, што бушавалі з краю ў край над балотам, не чуючы яго плачу; ён толькі чуў, як малы тузаўся пад яго рукамі. Хоць бы не задыхнуўся, думаў Ляўчук, да болю сціскаючы пашчэнкі — было так холадна, што ён ледзьве трываў у гэтай ідыёцкай сваёй нерухомасці.

Страляніна, аднак, пасунулася ў левы бок, мусіць, тут ужо ўсё было як мае быць імі абстраляна. Наўкола ў асацэ валялася свежае альховае голле, у вадзе густа плавала лісце. Непадалёк, трымаючыся на валакенцы, вісела над вадой збітая куляй верхавіна бярозкі.

На гэтым краі балота стала цішэй, здаецца, яны сышлі далей, і ён наважыўся. Ён падхапіў скрутак з малым на плячо, прыціснуў яго левай рукой і з пісталетам у правай ціхенька, каб не дужа плюхаць у вадзе, пусціўся за той, расстраляны многімі чэргамі куст лазы. Мабыць, ужо другі раз расстрэльваць яго не будуць.

За лазняком было даволі ўсё ж схоўна, у вадзе скрозь было нацярушана лісця, плавала выбітае кулямі карэнне водарасцяў; водарасці і ашмоцце твані віселі на пасечаным голлі куста. I ён падумаў, што, мабыць, яшчэ не зусім адцуралася ад яго ўдача, калі ён да часу не паспеў дабрацца сюды. Тут бы ён, пэўна, і ляжаў цяпер, сцякаючы крывёй у багне…

— Ціха, ціха, браток. Памаўчы трошкі,— сказаў ён малому, нядоўга адпачыў, агледзеўся і бокам-бокам, вязнучы па пояс у твані, дзе прыгінаючыся, а дзе ледзь не плывучы, падаўся далей у балота, думаючы, што калі яно не ўтопіць, дык, мусіць, уратуе яго.

16

Неўзабаве дрэвы і хмызняк скончыліся, з імі скончыліся праваліны-вокны, стала больш травяністых зараснікаў, моху. Хоць месцамі было глыбока і ўсё зыбалася і плыло пад нагамі, але ўжо пагрозы ўтапіцца, мусіць, не было. Стрэлы памалу аддаліліся ўправа, стрункае дзіганне куль гойсала там, над балотам, і напалоханае балотнае птаства разляталася ва ўсе бакі. Нават прывязлівыя да чалавека сарокі цяпер ляцелі над самым балотам прэч ад гэтага небяспечнага грукату.