Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 72

Васіль Быкаў

Ляўчук рашыў уцякаць далей у балота і толькі падхапіў на рукі малога, як зноў чарга адтуль распырскала паблізу ваду, дробная галінка з алешыны ўпала на яго плячо. Ён стаіўся, аблёгся на купіну, падабраў пад сябе малога. Але хутка ён зразумеў, што гэта выпадковыя кулі — білі ўсё ж наўгад. Тады ён зноў апусціўся па самыя плечы ў твань і праз крушынавае голле ўтаропіўся на край апусцелага берага.

Неўзабаве яму стала відаць, што адбывалася — яны зноў выстраіліся на беразе воўчаю зграяй і, паволі ідучы ля балота, расстрэльвалі яго з аўтаматаў.

Трошкі ўжо абнадзеены, Ляўчук зноў апанурыўся — не адно, дык другое. Не ўзялі сабакамі, ацалеў ад немца, дык расстраляюць за купінай сляпою чаргой, і ён ціха апусціцца пад ваду, згіне ў твані. Не самая лепшая доля з усіх магчымых, вызначаных яму вайной. Добра, калі разам заб'юць малога, а раптам застанецца?..

Мабыць, расстрывожаны стралянінай, малы зусім ужо занепакоіўся і пачаў ціхенька скуголіць у пінжаку. Ляўчук тужэй захінуў полы пінжака — што будзе, калі яны ўчуюць плач? Асабліва сабакі, якія адразу ж, як толькі пачалася страляніна, таксама падалі свае пагрозлівыя галасы і брахалі, скавыталі, аж захліпаліся, — мусіць, ірваліся ў балота. Але гэтае траскоцце дзесятка аўтаматаў, вядома, найперш аглушыла саміх стралкоў, і тыя пакуль што не маглі чуць далёкага слабенькага плачу малога.

Страціўшы ўсе надзеі, Ляўчук самотна глядзеў, як гонкія трасірныя струмені куль набліжаліся да яго купіны. Немцы не шкадавалі патронаў і расстрэльвалі кожную купіну, кожны бугорчык моху, кожны куст і кожнае дрэўца ў балоце. Тысячамі пырскаў кіпела, вірыла, перамешвалася з гразёй вада, ляцела ў паветра лісце, галлё, асака, паднятая з пырскамі вады зялёная раска. Абабітыя кулямі вольхі то тут, то там засвяціліся белымі плямамі на чорнай кары. Агонь быў такі, якога Ляўчук не чуў ужо даўно, хіба што на фронце, у сорак першым пад Кобрынам; уцалець у ім было, відаць, марнай надзеяй.

Ён скурчыўся за купінай, як можна глыбей асеў у ваду. Шкада, нельга было пад ваду схаваць малога, які ўвесь быў наверсе, трохі захінуты імшарынай. Мусіць, яму дастанецца першаму. Але тая чарга, што прыкончыць яго, не міне і Леўчука, так што аднолькава дастанецца абодвум.

— Ах, гады, гады!..

Усё на тым жа голым краёчку берага ён зноў убачыў таго самага даўганогага немца з ліхтарыкам на жываце, які, выйшаўшы з зарасніку, упёр адкідны прыклад аўтамата ў плячо і запусціў у балота чаргу. Дзесятак куль, сярод якіх былі і трасірныя, паднялі ў паветра мох з бліжэйшай ад берага купіны, затым паляцела альховае лісце з суседняй. Чарга няўхільна набліжалася да яго. Малы пад рукамі, нібы прадчуваючы хуткі канец, заплакаў мацней, але ў траскоцці і водгуллі чэргаў Ляўчук ужо сам не надта чуў гэты плач. Ён сачыў за кулямі, каб у час адзначыць для сябе апошняе сваё імгненне і датрываць да яго. Далей трываць ужо не давядзецца.