Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 71

Васіль Быкаў

Ён пачаў азірацца, шукаючы нейкае выйсце, і падумаў, ці не рызыкнуць усё ж перабрацца за той куст лазняку, а можа, і далей, пакуль іх няма паблізу і пакуль яны не знайшлі яго след. Але толькі ён падумаў аб гэтым, як убачыў насупраць немца: павесіўшы на шыю боты, той лез басанож у балота, здаецца, якраз па ягоным следзе. Другі з аўтаматам напагатове стаяў на беразе і, відаць, падбадзёрваў таварыша:

— Forwärts, dort ist es nich tief!

— Hier ist eine Kluft — незадаволена бурчаў босы, сунучы нагамі ў вадзе.

Ляўчук зноў вялікім пальцам перавёў засцерагальнік і паклаў ствол пісталета на ніжнюю галінку алешыны. Ён рашыў падпусціць немца не далей як да акна з разбоўтаным покрывам раскі і стрэліць. Адсюль ужо ён не вылезе са сваімі ботамі; пасля той, з берага, мабыць, расстраляе яго. А можа, ён паспее зняць і таго…

Ну, во і ўсё… А столькі было страху і перажыванняў, калі ўсё канчаецца так проста, звычайна і амаль недарэчна…

Як заўжды ў хвіліны безнадзейнасці ад яго адлятаў страх, тым болей спалох, мозг яго пачынаў працаваць цвяроза і дакладна, рука рабілася дужай і цвёрдай. У такі момант ён не прамахнецца. Немец, аднак, не спяшаўся, лез асцярожна, высока перастаўляючы ў вадзе белыя худыя ногі з падкасанымі вышай калена калошынамі. Калі ён нагінаўся, боты біліся галоўкамі па жываце, там жа боўтаўся аўтамат, які ён падтрымліваў правай рукой. Зрэдку толькі ён кідаў наперад кароткія позіркі з-пад казырка свае шапкі, а так усё глядзеў пад самыя ногі, шукаючы, куды лепей ступіць.

«Ну што ж, можа так і лепей! Ідзі, ідзі, гад!»

I ён ішоў, несучы яму смерць і сабе, напэўна. таксама. Пагрузшы вышай каленяў у багне, ён падышоў да крушынавага кусціка, ухапіўся за галінку рукой і раптам, мабыць, паслізнуўся на дне — бокам шуснуў у ваду па грудзі. Спрабуючы падняцца, праваліўся яшчэ глыбей, збіў локцем шапку, якая паволі паплыла ад яго, хутка асядаючы пад ваду. Ускаламуціўшы вакол багну і ўжо не разбіраючы дарогі, кінуўся назад, на мяльчэйшае, і раззлавана загергетаў да таго, што стаяў на беразе і рагатаў, выкрыкваючы штосьці жартоўнае.

Мокры, аблеплены тванню немец выбраўся з балота і, усё нешта гергечучы там, знімаў з сябе кіцель, штаны і ўсё іншае, пакуль не застаўся голы. Удвух яны там доўга выкручвалі яго абмундзіроўку, з якой цурком лілася балотная вада. Ляўчук зусім адранцвеў ад холаду, яго пачынала біць ліхаманка, — ён не мог дачакацца, калі ж яны ўрэшце скончаць галэндацца і гэты апранецца. Вось ён ужо нацягнуў штаны, сятчастую блакітную майку, пачаў абувацца. Той, другі, даўганогі і, мабыць, маладзейшы, з ліхтарыкам на грудзях, штось гэйкнуў у хмызняк, яму адказаў здалёку другі голас, і Ляўчук пачуў, як на беразе лязгнуў затвор. Гэта яго зноў насцярожыла — што будзе?

Але гэты раз чакаць давялося нядоўга, воддаль затрашчала аўтаматная чарга, над балотам разгоніста, з віскам панесліся кулі. Ляўчук не зразумеў — куды гэта яны? Здаецца, апроч яго, тут не было нікога, але ж яго яны быццам яшчэ не ўбачылі. Ды і стралялі не ў яго, а недзе ўбаку, куды пабеглі тыя, з сабакамі. А можа, там яшчэ хто, можа, там партызаны? Гэтыя два немцы таксама пабеглі на стрэлы; задні таропка, на бягу надзяваў кіцель, перахопліваючы з рукі ў руку аўтамат.