Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 67

Васіль Быкаў

З нязвыклай асцярогай ен нёс за пазухай маленькае цёплае цельца і думаў: хоць бы дзе напаткаць вёску, хутар, жанчын ці наогул людзей і аддаць ім малога. Сам ён, як бы ні стараўся, не мог уратаваць гэта жыццё. Да таго ж ён адчуваў, што немцы ад яго не адвяжуцца. Учора іх было сем, з вінтоўкамі, уночы з'явіўся кулямёт, а таксама ракеты і сабакі — значыць, у гэтым кірунку яны задумваюць нешта сур'ёзнае і маюць для таго сілу. А ён, дурань, наважыўся тут прабівацца ў Першамайскую, знайшоў месца…

Ён хутка ішоў ускрайкам парослага алешнікам балота і не мог рашыць, абыходзіць яго вакол ці лезці ў багну. Без крайняй патрэбы лезці ў сцюдзёную ваду дужа не хацелася, думалася: недзе ж яно скончыцца ўрэшце, і ён яго абыдзе. Але, мяркуючы па ўсім, балота было немалое і цягнулася здалёку, ён брыў ля яго гадзіну, а яно не канчалася. Начная страляніна гучала цяпер дзесьці справа, але бахалі таксама і ззаду, і злева, — няйначай, баі ішлі ў розных кірунках. Ён жа трапіў у невядомы лясны закутак і брыў у той бок, куды гнала яго пагоня.

Малы за пазухай часам неспакойна тузаўся, выгінаўся, але, добра захутаны ў шаўковай пялёнцы, пакуль што маўчаў, і Ляўчук з вострым непакоем падумаў, што будзе, калі ён расплачыцца? Мусіць, яго трэба было даўно пакарміць, і таму ён так непакоіцца. Хіба ён разумее, што калі ім не падвернецца які шчаслівы выпадак, дык вельмі хутка абое яны распластаюцца ў зарасніку, пасечаныя аўтаматнымі чэргамі ці разарваныя аўчаркамі. Калі толькі пашэнціць. А то яшчэ могуць схапіць, вывесці на шашу і павесіць пашчэнкамі на круку ізалятара, каб канаў доўга і пакутна, як некалі Трафім Дыла, сувязны іхняга атрада ў Чарнушчыцах.

Ляўчук, аднак, спадзяваўся, што, можа, раней, чым немцы дагоняць яго, ён наткнецца на добрых людзей ці вёску і спярша ўратуе малога. Самому яму было б лепш, сам бы ён асабліва не туляўся ад іх, а можа б, нават падпільнаваў гэтых гадаў і яшчэ памераўся б з імі сілай. Праўда, для таго патрэбны быў кулямёт ці хоць бы аўтамат, але і з пісталета ён страляў няблага, навучыўся ў разведцы. З малым жа ён не мог дазволіць сабе падобнай рызыкі, бо не быў упэўнены ва ўдачу, а дарма выпрабоўваць лёс не хацеў. I ён усё ішоў, бег, прадзіраўся праз зараснікі, пакуль не ўпёрся ў гэтае балота.

Падобна было на тое, што ён забрыў у такую глушэчу, дзе не было вёсак, і надзея напаткаць людзей пачала ў ім хутка гаснуць. Мабыць, трэба было спадзявацца толькі на самога сябе. Але ён дужа хацеў зберагчы малога, ён з нейкай невыразнай для сябе надзеяй ухапіўся за яго і нізашто не хацеу разлучацца. Сапраўды, усе, каго даручалі яму ў гэтай дарозе, адзін за адным пагінулі, застаўся толькі нікому не вядомы, нікім не бачаны і, мабыць, нікому не патрэбны безыменны малы. Але менавіта ці не з гэтай прычыны ён стаў патрэбны яму, бо нейкім чынам звязваў яго з усімі, каго не стала — Клавай, Грыбаедам, Ціханавым і нават Платонавым; ён даваў Леўчуку нейкае абгрунтаванне ягоных пакут, як і апраўданне ятоных памылак. У гэтай малечы заключаўся для яго нейкі, хоць і не асэнсаваны яшчэ ім, сэнс, якім ён не мог пагарджаць, пакуль яшчэ быў жывы I заставаўся чалавекам. Калі ён яго не ўратуе, тады навошта гэтая яго ашалелая барацьба за жыццё, якім ён не прывык даражыць занадта і даўно ведаў, што выжыць на вайне — раскоша.