Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 69

Васіль Быкаў

Неяк дабраўшыся да замшаранай, аброслай аерам купіны, ён прыхінуўся да яе, асцярожна садраў з плячэй пінжак і абгарнуў ім малога. Той патузаўся, але не заплакаў і пакорліва сцішыўся ў цяпле яшчэ не астылай адзежыны.

— Ну во і добра! Ну і ляжы. Галоўнае — ляжы і маўчы. Можа, яшчэ мы як-небудзь…

Стоячы па сцёгны ў халоднай вадзе, ён услухоўваўся і выглядваў, куды падацца далей. Добра, каб надарылася дзе якая болей-меней сухая імшарына, які грудок ці востраў, дзе можна было б затаіцца ад сабак, пачакаць, пераседзець. Але, мусіць, не надта тут адшукаеш імшарыну, балота ўсё глыбела, і ён прабіраўся па ім з усё большаю рызыкай шуснуць з галавой у прорву. Скрутак з малым ён паднімаў усё вышэй і старанна намацваў дно, часам слізгаючы на глыбіні па блытаных каранях алешын і водарасцяў, часам ён траціў раўнавагу і ледзьве ўтрымліваўся над вадой, узнімаючы са дна каламутныя віры багны. Тым часам зусім развіднела, туману чамусьці тут не было, у высокім ранішнім небе стаяла некалькі бухматых хмурынак, было ціха. I ў гэтай цішы да ягонага слыху данёсся раптам узмацнелы сабачы брэх.

Ён азірнуўся і зразумеў, што гэта ўжо тут, ля балота, і тады здзівіўся, як ён мала адышоўся ад берага. Каламуцячы багну, кінуўся да бліжэйшай купіны, з якой лезла ўгору раздвоеная крывая алешына з закарэлым камлём. Купінка была маленькая — і на бяду — у глыбокім месцы, ён добра вымак, пакуль дабрыў да яе, і нават падмачыў у руках пінжак. Да таго ж ён патраціў шмат часу, яны былі ўжо недзе паблізу і, хто ведае, ці не ўчулі яго. Каб быць гатовым да горшага, ён прыхінуў скрутак з малым пад альховы камель і, прытрымліваючы яго рукой, другой нарыхтаваў пісталет. Вада тут даходзіла яму да грудзей, галаву няблага прыкрывала купіна, у самым нізе якой кусцілася маладая крушына. Ён затуліўся за яе і чакаў: калі палезуць з сабакамі, ён павінен іх згледзець першы.

Толькі б не заплакаў малы.

Ён пачуў іх, і праўда, першы, яшчэ да таго, як згледзець: зашастала на беразе голле і прагучала нейкае слова, мусіць, каманда сабаку, — ён глыбей асеў у ваду і ўставіўся позіркам у незахінуты голлем ускраек берага. Ён перастаў дыхаць, вялікім пальцам ціхенька ссунуў засцерагальнік у парабелуме і тады ўбачыў іх у невялікім прамежку між кустоў і галля.

Першы на доўгай вочапцы з зарасніку выбег сабака. Руды, з пагрозліва настаўленымі вушамі, ён імкліва вёў па зямлі чуйным носам, зрэдку кідаючы хуткія позіркі наперад — ішоў па следзе. Ззаду ледзьве паспяваў праваднік у зялёным разведчыцкім маскхалаце і казыркастай палявой шапцы. За ім шыбаваў яшчэ адзін гэткі ж немец з сабакам. Яны прамчаліся далей, і тады на бераг з кустоў высыпала ўся іх зграя — дзесятак карнікаў у аднолькавых маскіровачных халатах, узброеных аўтаматамі, абвешаных сумкамі, біклагамі і біноклямі. Доўгай чарадой яны выцягнуліся па беразе і, асцярожліва пазіраючы па баках, скіравалі па ягоным следзе, гатовыя ў кожную секунду разрадзіць свае аўтаматы.