Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 65

Васіль Быкаў

З гэтай шапкай у руках ён адступіў на крок у падворак і спыніўся, усё ўзіраючыся ў абгарэлыя рэшткі чалавека, якога ведаў даўно і які цяпер, пасля свае смерці, выклікаў у ім нешта спачувальнае і жаласлівае. Шапка была пашыта з кавалка старой аўчыны, без завязак на вушах. Грыбаед насіў яе ўсё лета — баяўся, каб сонца не напякло галаву, яму гэта было шкодна. Бядак надта турбаваўся за сваю аднойчы ўжо прастрэленую галаву, баяўся нават перагрэць яе на сонцы. Ляўчук успомніў цяпер пра той жахлівы расстрэл Грыбаеда і пра яго ўваскрасенне на Чарналескіх выжарынах, дзе яны ў тую ноч разам з санітарам Верхаўцом грэліся каля вогнішча. Гаваркі Верхавец расказаў, што днём хлопцы прывезлі з Выселак расстралянага немцамі Грыбаеда, які немаведама як апынуўся ля сваёй апусцелай сядзібы і трапіў у лапы жандараў. Невядома, ці яны пільнавалі яго, ці можа засталі выпадкам, але яны спалілі нарэшце Грыбаедаву сядзібу, а яго самога старшы жандар паставіў ля вербы і з пісталета стрэліў у патыліцу. Ноччу на яго наткнуліся хлопцы з разведкі і, пазнаўшы старога, прывезлі ў атрад. Доктар Пайкін спрабаваў нешта зрабіць, але, мусіць, нічога ўжо зрабіць было нельга, Верхавец выцягнуў яго з будана і паклаў пад хваіну на салому, каб заўтра разам з яшчэ адным забітым пахаваць на грудку. Седзячы ля вогнішча ў тую ноч, яны пабедавалі крыху над жорсткім нават для вайны лёсам старога і перавялі гаворку на іншае. Яны не азірнуліся нават, калі ззаду да іх нехта падышоў і моўчкі пачаў месціцца каля цяпельца, паціраючы рукі і нягучна кажучы нібы між іншым:

«Пагрэюся ў вас. А то скалеў, халера…»

Учуўшы знаёмы голас, Верхавец ледзь не падскочыў ад здзіўлення, павярнуўся і толькі прамовіў:

«Грыбаед, ты што?..»

«Ды скалеў, кажу. Ватоўку нехта забраў…»

Яны абодва ўтрапёна ўставіліся на Грыбаеда, які, безуважны да іх спалоху, спакойна грэў сабе выстаўленыя да вогнішча рукі, ні слова не кажучы пра сваё дзівоснае вяртанне амаль з таго свету, і яны не адважыліся яму нагадаць пра тое. Уранку яго яшчэ раз агледзеў доктар, таксама здзівіўся; пару тыдняў Грыбаед паляжаў у санчасці, а затым застаўся ў ёй пры конях. Рана на галаве загаілася, асаблівага болю ён не адчуваў, толькі амаль зусім перастаў спаць і клапатліва аберагаў ад спёкі прастрэленую галаву.

Ды не ўбярог — мабыць, прастрэлілі і другі раз. Цяпер ужо канчаткова.

Разважыўшы так, Ляўчук падумаў, што, мусіць, трэба выцягнуць яго абгарэлае цела з гэтага тока і пахаваць дзе ў лесе. Бо што ж ён будзе ляжаць так і смылець — мала яму было пакут пры жыцці?

Усё прыслухоўваючыся да сцішанага наваколля, ён сунуў пісталет у кабуру, зашпіліў яе і зноў ступіў да варотаў. Але толькі ён нагнуўся над Грыбаедам, як дзесь зводдаль шалёна забрахаў сабака, і з боку ад вёскі пырхнула ўгору ракета. Захоплены знянацку, Ляўчук здрыгануўся, згорбіўся ў дзвярах, асветлены яе зыркім імклівым агнём, а затым адскочыў назад і схаваўся за яблыню. Ракета агняным шнуром у небе шыбанула ледзь не да самага гумна, трохі, аднак, не даляцеўшы да яго, ударылася аб зямлю, падскочыла і дагарала, ярка адбіўшы перад сабой нейкі чорны курганок ці зараснік, цень ад якога накрыў падворак. Як толькі сцямнела, Ляўчук падаўся назад у жыта, апанылы ад думкі, што яго заўважылі, і чакаў стрэлу ці другой ракеты. Аднак стрэлаў больш не было, а другая ракета з'явілася ў небе зусім з другога боку, ад дарогі і лесу — яна ярка заззяла ў вышыні над пагарэлым гумном і жытам, бязлітасна зырка асвяціўшы іх сваім ненатуральна яркім міготкім святлом. Але ён ужо быў да яе гатовы і жвава прысеў у жыце, тут яго не так проста было заўважыць. Ракет ён не баяўся — баяўся стрэлаў і яшчэ болей сабак. Той басавіты брэх у спаленай вёсцы быў яму дужа знаёмы і болей за ўсё іншае скрабянуў па яго пачуццях.