Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 68

Васіль Быкаў

— Нічога, нічога, браток, — сказаў ён услых да малога і сам не пазнаў свайго асіплага ад доўгага маўчання голасу. — Яшчэ мы пабачым…

Бачыць, аднак, пакуль што не было чаго, а паслухаць ужо было можна. Можа, гэта і добра, што сабакі выдавалі сябе здаля сваім пагрозлівым гончым брэхам, які асабліва памацнеў на світанні. Ляўчук, прыслухоўваючыся, адзначыў іх набліжэнне і пашкадаваў, што ў ягоных кішэнях не засталося ні каліва табакі, якой можна было б зацерушыць свой след. Тады ён падумаў, што, мабыць, прыйдзецца лезці ў балота, іншага выйсця не будзе.

Тут быў цвёрды высакаваты бераг з бярэзнічкам, балота трохі адступала ўбок, ён прабег у ранейшым кірунку з паўсотню крокаў і крута завярнуў назад. Там, дзе асакаватая забалаць бліжэй падступала да берага, ён шырока сігануў убок і, стараючыся не дужа слядзіць у траве, палез да бухматага лазовага куста ў багне. Спярша было неглыбока, вада даходзіла не вышэй халяваў, але потым пабольшала, ён пашкадаваў, што не ўзяў палку, хоць як яму было ўпраўляцца з палкай? Аднак па характары балота, па тым, што ў ім сярод вадзяных вокнаў зелянелі купіны з кустамі лазы і алешніку, ён зразумеў, што яно не павінна быць дужа тваністым і, можа, яго не засмокча.

Прытрымліваючы малога за пазухай, ён асцярожна прабіраўся ад купіны да купіны, хапаючыся левай рукой за голле і паступова вязнучы ўсё глыбей. Ён не адышоўся яшчэ і ста крокаў ад берага, як ногі яго ўжо да каленяў патаналі ў гразі, хутка каламутная, з торфам і тванню жыжка падабралася да самых сцёгнаў, і ён думаў: хоць бы яна не стала глыбей, бо як тады ён будзе з гэтай сваёю ношай? Але балота і яшчэ глыбела, купіны радзелі, і між імі стаялі чыстыя, без зарасняў, вокны чорнай вады, у якой плавала пляскатае лісце гарлачыкаў. Ляўчук ведаў, што гарлачыкі любяць глыбіню, і не соваўся туды, стараючыся лезці зводдаль ад іх, ля купін, дзе можна было ўхапіцца за мох і голле. Ён імкнуўся ісці хутчэй і асабліва не боўтаць нагамі, хоць усё роўна плёханне яго было чутна далёка, і ён раз-пораз спыняўся і слухаў. Аднойчы яму здалося, што ён чуе голас, нібыта вокрык, ён шырай расставіў у вадзе ногі і прыціх: болей, аднак, нічога не было чуваць. Памеркаваўшы, ён зразумеў, што вокрык даляцеў здаля і не мог адносіцца да яго. Значыць, яшчэ было трохі часу. Але пакуль ён прыслухоўваўся, ногі яго глыбей аселі ў багну, і ён з намаганнем павыдзіраў іх — спярша адну, а потым другую. Пакуль выдзіраў, намачыў знізу пінжак і падумаў, што так хутка вымакне ўвесь, тады чым захіне малога?