Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 66

Васіль Быкаў

Калі і гэтая ракета згарэла, ён шыбануў праз жыта да алешнічку, ды раптам спыніўся, прысеў. Здалося, пачуўся голас, нават нібыта далёкі дзіцячы плач, і ён аціх, затрымаў дыханне, услухаўся. Ці не здані завяліся ў гэтым жыце, дзівячыся, падумаў ён, як зноў зусім выразна данёсся аднекуль ціхі, поўны жальбы плач зусім яшчэ малой істоты, і ён, жахнуўшыся, кінуўся далей у жыта.

Ён, мусіць, і ўцёк бы ў лес, калі б у той час амаль перад ягоным тварам не разанула цемру трасірная чарга. Блізкія разрывы куль у алешніку, нібы рэха, з абсалютнай дакладнасцю паўтарылі яе далёкі імклівы трэск, і ён зноў распластаўся на мулкіх грудах жытняе нівы. Цяпер ён ужо ведаў пэўна, што яго заўважылі і што стралялі па ім з дарогі і ад вёскі; значыць, ратавацца трэба ўсё тым жа ўчарашнім шляхам у лес. Калі чарга сціхла, ён тут жа ўскочыў, але, перш чым пабегчы, завярнуў па жыце ўбок, трохі нават назад, прыпыніўся, услухаўся і ўбачыў непадалёк белую плямку ля самай зямлі. З нечаканай надзеяй ён кінуўся да гэтае плямкі, ужо пэўна ведаючы, што гэта, падхапіў цёплы жывы камячок на рукі і, прытуліўшы да грудзей, аббег трохі шырэйшае кола па жыце. Гэта было і дзіўна, і зусім недарэчна: ён думаў, што дзесь тут павінна ляжаць і Клава, забітая ці жывая. Але Клавы не было. Адчуваючы тлумнае замяшанне ў галаве, Ляўчук пабег упоперак нівы да алешніку.

— Ух, гады! Ух, гады! — роспачна казаў ён сабе, слухаючы, як недзе паблізу гаўкалі, скавыталі сабакі. Але ўжо побач быў лес, і ён разам з малым на руках неўзабаве ўбег у алешнік. У той самы момант ззаду стрэлілі новай ракетай, і па алешніку прайшла доўгая чарга. Яркае святло, перамешанае з дзівоснай блытанінай ценяў, рынулася на яго ззаду, некалькі трас блізка прашылі начны хмызняк, абдаўшы яго трэскам разрыўных куль і абабітым галлём. Ён упаў на адно калена, жахнуўшыся, што так не ўцячэ, што бегчы па лесе з малым немагчыма. Але па полі ён не ўцячэ тым болей, там яго дастануць першай чаргой. I ён пабрыў у цемры навобмацак, левым плячом рассоўваючы голле, захінуўшы крысом пінжака малога, які трохі неяк аціх і толькі перабіраў ножкамі ў мокрай пялёнцы.

15

Першы нясмелы ранак напаткаў яго ўскрай балота, у рэдкім куп'істым алешніку.

Пачынала віднець, далёкім нетутэйшым святлом займаўся шырокі ўскраек неба, навокал сталі відаць кусты і травяністы дол пад нагамі. Ляўчук зусім не ведаў, куды вёў яго лесавы шлях, але ўсё бег, ішоў, брыў па нейкіх альховых зарасніках і расцяробах; перайшоў мокры травяністы лужок і зноў зашыўся ў лісцвяны гушчар. У малады шчыльны ельнік ён не палез, а абышоў яго збоку і ўсё слухаў, хоць і без таго было чутна — яго даганялі. Усю ноч ззаду то цішэй, то мацней пагрозліва брахалі сабакі. Мусіць, у цемры яны адсталі ад яго, але ягоны след яны не гублялі. Значыць, як мае быць возьмуцца даганяць уранку.