Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 64

Васіль Быкаў

Разважыўшы так, ён пайшоў болей упэўнена, усё ўглядаючыся наперад; знянацку шаснуў у нейкую яміну і ледзьве не ўпаў, а калі выкараскаўся з яе, дык з-за нейкага бухматага куста ўбачыў слабенькае блісканне агню. Здалося, гэта далекавата, бо агеньчык, амаль не свецячы, толькі дробна чырванеў над жытам, і ён прыціх, нават прысеў ля куста. Не, здаецца, нідзе не было нікога, конікі ўсё стракаталі сабе ў траве і ў жыце, ды за лесам бахала і гуло ад страляніны. Але страляніна была далёка і не шмат шкодзіла навакольнай цішыні ночы.

Паціхеньку, кароткімі пераходамі, ён пачаў красціся да пагарэлішча. Крокаў дзесяць — пятнаццаць пройдзе і стоіцца, прысядзе, азірне ўскраек неба: ці не маячыць хто на светлаватым начным небасхіле. Але ўсё, мабыць, тут было ціха, і ён, выткнуўшыся з-за жыта, неяк нечакана апынуўся ля тых самых агнёў.

Ён не адразу пазнаў перад сабой учарашні ток — абгарэлы, без страхі, напалову ніжэйшы, бо верхнія вянцы згарэлі зусім, засталося толькі ніжняе абгарэлае бярвенне, на якім дзе-нідзе смылеў жар, мусіць, дыміла, бо дым і горкі смурод атручвалі паветра наўкол. Калі ён выйшаў з-за хаты, дык убачыў у цемры бліжэйшы канец з асеццю, у якім было болей жару і дыму, а нават дзе-нідзе трапяталі на ветры невялічкія каснічкі полымя, якія трохі асвятлялі жытнюю ніву і чорнае абпаленае лісце яблыні. Але да гумна ён выйшаў з боку алешніку, трэба было зайсці па той бок і зазірнуць праз дзверы, дзе ён учора пакінуў Грыбаеда і адкуль выскачыла Клава.

Ад дарогі ён не пайшоў, ён пабойваўся дарогі, а паціху ўлез у жыта і пайшоў па самым яго краёчку, каб не нарабіць шуму, высока паднімаючы ногі. Тут да тока аказалася далей, чым яму здавалася ўчора, калі ён пазіраў праз шчыліну, і ён прыпыніўся, прысеў, паслухаў. Пасля ўстаў і, стараючыся не дужа шастаць ботамі ў жыце, воддаль абышоў асець. Ён чакаў дзе-небудзь убачыць Клаву; мусіць бы, ён заўважыў яе ў гэтым падсветленым доле, але тут яе не было. Зрэшты, наўрад ці яна і магла быць, падумаў ён, мусіць, яны забралі яе жывую ці мёртвую і павезлі ў мястэчка. Ды і Грыбаеда таксама. Але ён хацеў сваімі вачамі ўпэўніцца, што іх тут няма, і тады ўжо ісці ў Першамайскую.

Ад яблыні стаў відаць увесь той падворак, дзе ён варыў бульбу, нават прыкметна была чорная плямка вогнішча на шэрай траве. Насупраць былі дзверы-вароты ў ток. Адна абгарэлая, густа падзёўбаная кулямі палавіна іх коса вісела на ніжняй завесіне, другая, адарваная, валялася ў доле. I раптам ён згледзеў там штось падобнае на чалавечае цела і не стрымаўся. Стараючыся не грукаць ботамі, ён падбег да дзвярэй, прысеў — ад бярвення і папялішча патыхала смярдзючым жарам, але ўжо можна было трываць, не тое што ўчора. Ляўчук бокам працягнуў левую руку, лапнуў раз, другі і, натрапіўшы на штось мокрае і ліпкае, тузануў руку назад. Адварочваючыся ад гарачыні, ён, аднак, намацаў касмылявы твар Грыбаеда, яго абгарэлую вопратку і ўстаў. Смурод пагарэлішча і чадны дым ад галавешак усё ж забівалі дыханне. Перадыхнуўшы трохі, ён зноў сагнуўся, памацаў паблізу рукой, шукаючы Грыбаедаву вінтоўку, але намацаў толькі ягоную шапку-кучомку.