Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 63

Васіль Быкаў

Неяк схамянуўшыся, ён заўважыў, што ідзе не на гукі стрэлаў, а па сваім учарашнім шляху, што страляніна даўно ўжо засталася для яго злева. Але ён не стаў паварочваць, — ён толькі цяпер зразумеў, што яму трэба менавіта туды, да гумна. Ён не мог адсюль нікуды болей пайсці, не завітаўшы на гумно.

Выразна зразумеўшы гэта, ён адчуў у сябе нецярплівасць, аж нешта затрымцела ўнутры, няўрымсліва і жаласна, і ён перастаў зважаць на кусты і патарчакі ў доле, а пашыбаваў, як толькі мог, каб не ўпасці, туды, дзе, на яго думку, павінен быў быць страшны іх ток. Ён але калаціўся ўвесь ад узрушэння, нанова востра перажываючы ўчарашняе. Тое, што яшчэ гадзіну назад было для яго ўдачай, цяпер здалося бядой, ён ужо думаў, што не павінен быў пакідаць Грыбаеда і Клаву, мусіць, трэба было зрабіць неяк інакш. Праўда, ні тады, ні цяпер ён не ведаў, як; здавалася, ён ратаваў яе, Грыбаеда, сябе таксама. Спазнелае адчуванне памылкі мацнела ў ім; пэўна, ён зрабіў нешта не так, бо наўрад ці каму ўдалося выскачыць з таго пекла, у якім ён сам ледзьве не лёг касцьмі. Менавіта таму яму зноў трэба было на гумно, нібыта ўсё тое можна было яшчэ перайначыць, зрабіць лепш. Ён разумеў, вядома, што цяпер ужо нічога не зробіш, усё, што можна было зрабіць, напэўна, зрабілі немцы. Але ўсё роўна яго цягнула туды, як злачынцу цягне на месца злачынства.

Ён вылез з кустоўя недзе непадалёк ад таго месца, дзе надвячоркам увайшоў у яго. Адразу стала відней, над ахутанай змрокам летняй зямлёй ляжала святлявае неба з рэдкімі зоркамі расцярушанай палосай зорнага чумацкага шляху. У лузе верашчалі конікі, і наперадзе шарэла, мабыць, тое самае жыта, у якім ён ледзь не знайшоў свой канец. Недзе тут, паблізу, павінна туліцца і гумно.

На нейкі час ён спыніўся, перастаў дыхаць і ўслухаўся. Але, мусіць, немцы паехалі, зрабіўшы сваю, як заўжды, страшную справу, наўрад ці яны засталіся чакаць яго тут. Усё ж, каб быць гатовым да ўсякай нагоды, ён ціха дастаў з кабуры парабелум і, паклаўшы вялікі палец на засцерагальнік, пайшоў каля ўзлеску.

Ён чакаў убачыць агонь (не магло быць, каб гумно так хутка згарэла датла), але наперадзе быў толькі затуманены палявы паўзмрок, і колькі ён ні ўглядаўся, нічога нідзе згледзець не мог. Тады ён падумаў: няўжо так далёка адбегся ўчора па жыце? А можа, ён цяпер выйшаў не туды і наогул ішоў не ў тым кірунку? Але ж там была дарога, якой ён яшчэ не пераходзіў? Значыць, гумно і вёска ўсё ж недзе наперадзе.