Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 62

Васіль Быкаў

Тое, што здарылася за дзень, гарачым тлумам плыло ў яго памяці, але, мабыць, трэба быў час, каб прыгадаць усе перажытыя ім падрабязнасці і разабрацца ў іх. Найперш для яго было пэўна, што ён уратаваўся — не згарэў і вывернуўся ад кулі, уцёк у лес і цяпер мог пайсці куды хочаш. Толькі радасці ад таго ён не адчуваў ніякай, у свядомасці яго жыло, заглушаючы сабой усе іншыя пачуцці, адчуванне вялікай бяды, ад якой не было паратунку. Як ведала-адчувала ягонае сэрца, калі мінулаю ноччу ён не хацеў ісці на гэта заданне, што не будзе тут яму ўдачы. Але тады яго непакоіла іншае, а таго, што здарылася, ён не мог прадбачыць. Сапраўды, ён жа выпраўляўся ў ціхую і бяспечную зону Першамайскай брыгады, а не на прарыў, не ў самае пекла блакады. Але, мусіць, вялікая бяда менавіта там і падпільноўвае чалавека, дзе ён яе меней за ўсё чакае.

Ляўчук сеў раўней і прыслухаўся. Паблізу было ціха, як можа быць ціха толькі пагоднаю ноччу ў бязлюдным лесе. Праўда, да чуйнага яго слыху з усіх бакоў даляталі ўсякія невыразныя гукі і шолахі, але за шмат месяцаў партызанскай вайны ён добра ўжо звыкся з лесам і ведаў, што ноччу слых ловіць залішне многа, а большая частка лесавых гукаў толькі здаецца. Калі дзе ёсць сапраўды падазронае, дык услухоўвацца ў яго не трэба, — яно адразу заявіць само пра сябе. Свежыя пошумы ветру ў вяршаллі, падзенне перасохлай галінкі, соннае лапаценне крылаў птушынай драбноты ў галлі — другіх гукаў паблізу не чулася. I ён, ачухаўшыся спакваля ад свае санлявай дурноты, хвіліну паслухаў далёкую страляніну і рашыў, што трэба прабірацца ў Першамайскую. Мусіць, толькі ноччу і можна туды дабрацца, удзень ён зноў налезе на карнікаў.

Хіснуўшыся, ён падняўся на ногі, пасунуў з жывата на бок парабелум. Навярэджанае ў сне плячо балела куды больш, чым учора: можа, трэба было паправіць павязку, але ён рашыў, што зробіць гэта заўтра, калі развіднее. У лесе было зусім цёмна, каб не налезці на што, ён выцягнуў наперад руку і ўгнуў галаву. Праўда, лес тут быў рэдкі і голы, хвоі стаялі амаль без падлеску. Ён трохі памятаў дарогу, па якой бег сюды гадзіну ці дзве назад, — трэба было зноў выйсці да балацявіны, павярнуць ля ўзлесся. Далей ён не дужа ведаў, якая будзе мясцовасць, але спадзяваўся, што, арыентуючыся на стрэлы і зоркі, не дужа заблудзіць. Абы-толькі не наскочыць на немцаў.

Ён доўга брыў у лясной цемры, нібы сляпы, выцягнуўшы руку і навобмацак мінаючы дрэвы, чуйна мацаючы нагамі дол з безліччу пнёў, патарчакаў, зараснікаў, жорсткіх, нібы драцяных, сцяблоў папараці. Найперш яму трэба было выйсці з лесу, думалася, што край яго недзе тут, блізка, потым ён пайшоў бы і шпарчэй. Часам ён прыслухоўваўся да страляніны, якая то болынала, то чамусь глухла, а болей быў заняты хадой, і з галавы яго не выходзіў ток. Ён нічога не ведаў — ні пра тое, што сталася з Клавай, ні пра лёс Грыбаеда. Зрэшты, Грыбаед хутчэй за ўсё там і застаўся, бо ці ён мог выскачыць у тыя дзверы? А куды падзелася Клава? Як выпаўзла з тока, дык нібы праз зямлю правалілася — нідзе ён яе так і не згледзеў.