Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 61

Васіль Быкаў

Усё ж ён бег, зноў абліваючыся потам, да гарачай задухі ў грудзях, штораз азіраўся і слухаў. Ён чакаў стрэлаў, можа, ваўчынага выцця і напружана глядзеў наперад — калі ж тая вёска? Ногі на бягу адубелі—ці сагрэліся, ці можа ўжо змерзлі, ён перастаў адчуваць іх і думаў, што трэба як найхутчэй расцерці іх снегам і пераабуцца, інакш прападуць ногі. А без ног прападзе і сам.

Калі начную цішу ззаду разарвала грымотная чарга, ён стаў, нібы ўкопаны, і перастаў дыхаць. Здалося: гэта не вытрымаў Колабаў. Але праз хвілю ўдарыла яшчэ і яшчэ — над возерам далёка пакацілася чулае начное рэха. Нешта дужа ўжо гучна, падумаў Ляўчук, мусіць, аўтамат так гучна страляць не можа. Нібы пацвярджаючы яго здагадку, зараз жа забахалі вінтоўкі, пачуліся крыкі, і ён зусім разгубіўся.

Ён адчуваў, што сталася горш, чым калі б на Колабава напалі ваўкі; мабыць, ваўкі ўжо тут ні пры чым, гэта немцы. Але адкуль яны?

Ці, можа, на слых паляць па возеры, ці ўжо згледзелі Колабава? Адчуваючы, аднак, што той гіне, Ляўчук сарваўся з месца і што было сілы пабег назад.

Пакуль ён знямогла трухаў у сваіх абмерзлых валёнках, на возеры яшчэ стралялі, чуліся крыкі, і ён не ведаў, што зробіць, калі прыбяжыць туды. Але ўсё роўна ён бег. У яго была спраўная вінтоўка і сотня патронаў у сумцы, было дзве лімонкі ў кішэнях, абы толькі Колабаў быў жывы. Толькі б застаць жывога! Праўда, неяк падазрона не было чуваць яго аўтамата: страляў кулямёт, вінтоўкі, аўтамат жа ўпарта маўчаў. Гэта кепскім прадчуваннем душыла Леўчука, і ўсё роўна ён бег, мусіць, насустрач сваёй пагібелі, бо шанцы адбіць Колабава былі ў яго мізэрныя.

А можа ён паспее да яго раней, чым прыбягуць немцы?

Гэтая думка прымусіла яго бегчы шпарчэй і надала трохі сілы, тым болей што страляніна сціхла, разы два ён пачуў крыкі дзесьці ля вёскі і падумаў, што, можа, гэта немцы спускаюцца з гары да возера, калі б яны толькі яшчэ спускаліся, дык ён, мусіць, паспеў бы…

Ляўчук, аднак, памыліўся — яны не спускаліся, яны ўжо падымаліся ад возера, дзе заместа ваўкоў учынілі ваўчыную расправу.

Ён зразумеў гэта, калі ўбачыў непадалёк той самы трыснёг, ля якога праваліўся ў ваду і ля якога пакінуў Колабава. Пазнаў і тое месца на снезе. Яно было цяпер вытаптана мноствам людскіх і ваўчыных слядоў, сярод якіх цямнелі плямы крыві. Ваўкоў нідзе не было, Колабава таксама. Вецер памалу здзьмуваў са снегу клочча цёмнай поўсці — мусіць, перапала і ваўкам. На секунду Леўчуку стала шкода гэтых спаважных, нерашучых і, мусіць, згаладнелых істот, якіх ён нядаўна яшчэ ненавідзеў. Шырокі след-баразна ў снезе, прарэзаны целам Колабава, вёў у той бок, дзе была вёска і адкуль яшчэ даляталі прыглушаныя далечынёй галасы, смех, знаёмая злосная лаянка.

Ледзьве стрымліваючыся, каб не заплакаць, Ляўчук пастаяў яшчэ, патаптаўся на снезе і подбегам пусціўся па возеры.

Трэба было ратаваць ногі.

14

Праз некалькі хвілін ён ачнуўся, нібы і не спаў, сеў — ява яго працягвалася і найперш дайшла да ягонай свядомасці грукатам стрэлаў дзесьці далёка, можа, на той самай грэблі. Абапіраючыся рукой на імшарнік, ён пасядзеў, паслухаў, не адразу расплюшчыўшы вочы, а калі і расплюшчыў, дык усё роўна нічога не ўбачыў — была ноч. Галава яго была цяжкая і тупая, нібы з пахмелля, дужа хацелася зноў упасці на дол і ляжаць. Але ён прыслухаўся да страляніны і вызначыў, што яна грымела трохі ў баку ад таго месца, дзе была іх грэбля, падобна, у Крукоўскім урочышчы. Значыць, дайшла чарга ўступаць у бой і першамайцам, дабраліся і да іх карнікі.