Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 49

Васіль Быкаў

— Што ж нам рабіць, Ляўчук? Божа мой, што ж нам рабіць? — з ціхай роспаччу лямантавала Клава.

— Ціха! Ляжы! Глядзі на дзверы. Ты глядзі на дзверы. Калі хто, бі прама ў лабаціну! — загадаў ён і паглядзеў на гэтыя чортавы дзверы — вялікія, з тонкіх негаблёваных дошак, якія адчыняліся ў той бок, а адсюль іх нельга было ні зашчапіць, ні падперці. Варта тым злыдням кінуць гранату, і яны застануцца зусім без дзвярэй, тады ўрывайся і расстрэльвай усіх на месцы.

Нейкі час пастаяла цішыня без стрэлаў, мабыць, там раіліся, што рабіць, і вось аднекуль знадворку, мусіць з-за паветкі, пачуўся прыглушаны сценамі голас:

— Гэй ты, Кудлаты! Ці не пара здавацца? Ляўчук здрыгануўся. Кудлатым яго адзін час клікалі хлопцы ў разведцы, і цяпер гэты голас здаўся яму да таго знаёмы, што ён ажно здзівіўся: хто б гэта мог быць?

— Гэй! Чуеш? Пара здавацца, пакуль не падсмажылі. Ці ты ўжо там загінаешся?

— Гэта ж той, — павярнуўся тварам да яго Грыбаед, — што са станцыі прыбег.

— Кудраўцаў?

— Ну.

Мабыць, Ляўчук надта здзівіўся б, калі б не быў так уражаны гэтай навіной. Ён адчуў, як яго напаўняе неадольнае жаданне зараз жа выскачыць з тока і ўсадзіць у здрадніка ўсё, што яшчэ заставалася ў яго аўтамаце. Хай тады забіваюць і яго самога. Але ён неяк ператрываў свой гнеў і не выскачыў, а на каленях падаўся да Грыбаеда і прыпаў да ягонай шчыліны.

— Вунь за паветкай. За саломай вунь вытыркаецца.

— А ну дай!

Ён узяў у старога расхлябаную яго драгунку, ямчэй пасунуўся ля сцяны. У шчыліну не лез толькі тонкі ствол з мушкай, хоць Ляўчук і так і гэтак соўваў яе праз сцяну. Добра, што шчыліну знадворку прыкрываў маліннік, праз які зблізку ім было сёе-тое відаць, а знадворку праз зараснікі наўрад ці можна было што згледзець. Ляўчук неяк усё ж злаўчыўся і ўзяў на мушку тое месца на рагу паветкі, дзе за саломай ляжаў Кудраўцаў, і стаў чакаць. Калі той крыху заварушыўся і верх чорнай пілоткі вытыркся з-за саломы, Ляўчук зацяў дыханне і стрэліў. Затым хуценька стрэліў яшчэ ў тое ж самае месца і пачакаў.

Але чакаць давялося нядоўга, з-за паветкі, нібы нічога і не здарылася, зноў раздаўся зычны, знаёмы голас:

— Дастраляешся, Кудлаты! Павесім за пашчэнку! На слупе здыхаць будзеш!

— А хо-хо ты не хочаш? — крыкнуў Ляўчук, не ўтрымаўшыся.

— Кінь дурыць, крэцін! Высылай з хлява радыстку і паднімай рукі. Жыць будзеш!

— Я і так жыць буду, падлюга! А вот ты ў вяроўцы здохнеш, прадажнік!

— Тады пяняй на сябе! — данеслася з-за сцяны. — А ну, хлопцы, — агонь!

Гэты раз яны далі такога агню, якога Ляўчук не чуў ужо даўнавата. Гахала за паветкай, з дарогі, з-пад алешніку, лясное рэха вакол множыла стрэлы, і здавалася, цэлы ўзвод лупіць па іх з чатырох бакоў. Кулі са злым ціўканнем і ляскам дзяўблі і секлі спарахнелае дрэва сцен, на галовы ляцелі трэскі, парахня, высахлы мох з пазоў. Саламянае ашмоцце густа ўсыпала дол, і пыл слупамі стаяў у падстрэшшы. Мусіць бы, іх перабілі ўжо ўсіх, калі б не падмурачак. Прыкрыты знадворку маліннікам, ён па-ранейшаму ратаваў іх ад куль. Праўда, цяпер падняць з-за яго галаву, каб зірнуць у шчыліну, было немагчыма, і ўсё ж зірнуць было трэба. Ляўчук ведаў, што гэты агонь не так сабе, што, мабыць, пад яго прыкрыццём гэтыя ваўкі кінуцца да будыніны. I ён, лежачы пад сцяной, чуйна сачыў за стралянінай — пільнаваў момант, калі трэба ўдарыць насустрач.