Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 47

Васіль Быкаў

Чацвёра па сцежцы адзін за адным хутка падыходзілі к току. Іх бы так зручна было зрэзаць трапнай чаргой, але тая самая няпэўнасць іхняга намеру ўсё не давала Леўчуку рашучасці. А вось пройдуць далей — можа, да мяжы ў жыце, па сваіх нейкіх справах, бо адкуль ім вядома, што ў гэтым гуменцы сядзяць партызаны?

— Ляўчук, што? Што? Дзе яны? — роспачным шэптам дамагалася ззаду Клава, але ён толькі варухнуў галавой.

— Ціха!

На нейкі час яны схаваліся за рогам тока, Ляўчук прыціснуўся лбом да шурпатага боку бервяна і не мог згледзець нічога. Але праз дзесяць секунд яны з'явіліся ўжо ля самай сцяны за маліннікам. Наперадзе ішоў рослы дзяцюк у суконным мундзіры з віслай ад цяжкіх падсумкаў папругай на жываце, з нямецкай вінтоўкай у адной руцэ. У другой ён трымаў цыгарку і, прыпыніўшыся, часта зацмыгаў з-пад пальцаў перад тым, як кінуць свой недакурак.

Ён ужо быў на сярэдзіне іх падворка, але і тады яшчэ ў Леўчука тлела слабенькая надзея, што, можа, пройдзе сабе далей. Ляўчук напружана сачыў праз шчыліну за яго тварам, зыркія вочкі на якім спярша слізганулі ўздоўж сцяны тока, трохі зачапіліся на рагу, мусіць, за густы край малінніку і раптам спыніліся ў доле на іх цепяльцы, ад некалькіх галавешак якога яшчэ ішоў слабы, ледзьве прыкметны дымок. Ляўчук нема вылаяў сябе за неасцярогу, але было позна. Паліцай ступіў да дзвярэй, і тыя ціхенька рыпнулі.

Ляўчук крутнуўся спінай да сцяны і ўскінуў аўтамат, аднак не стрэліў, усё яшчэ не ў стане расстацца з апошнімі імгненнямі свае надзеі,— ведаў: знадворку не вельмі ўбачыш у цемнаватым памяшканні тока. Але не паспеў яшчэ паліцай расчыніць дзверы, як каля сцяны насупраць мігнулася постаць Клавы, і ў напружанай цішы грымнуў адзін, другі, трэці стрэл. Паліцай выпусціў з рук вінтоўку і сам раптам нібы пераламаўся — упаў ці кульнуўся кудысь за маліннік. Ляўчук праз дошкі дзвярэй пстрыкнуў кароценькай чаргой наўздагон і, адчуваючы, што зараз стрэляць і ў іх, выцягся на земляным доле. Перад ім, забіўшыся пад сцяну за саломай, нервова калацілася з пісталетам у руцэ Клава.

— Лажысь! Лажысь! — паспеў крыкнуць ён два разы, як першая куля знадворку імпэтна пранізала сцяну, адшчапіўшы ад бервяна тоўсты аскалёпак сухога дрэва. З двух бакоў тока часта забухалі стрэлы, кулі з глухім важкім стукам у некалькіх месцах прадзіравілі струхлелае бярвенне сцен, парахнёй і пылам асыпаючы цвёрды гліняны дол.