Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 51

Васіль Быкаў

У пакутнай цішы, якая настала ў гумне пасля страляніны, гэтыя словы за сцяной прагучалі надзвычай выразна і пагрозліва. Ляўчук маўчаў, і тыя таксама замоўклі — мусіць, чакалі адказу. Было незразумела, чаму Кудраўцаў усё напірае на радыстку і адкуль яму вядома, што яна тут. Але ж, мусіць, вядома. I Ляўчук сцяміў, што менавіта затым яны і прыехалі на гэтае гумно. А ён, балда, усё спадзяваўся на нешта, на славуты авось, — трэба было адразу сячы іх чэргамі, можа б, менш засталося. А так што цяпер зробіш? Клава ж, у другі раз учуўшы гэтае патрабаванне, паклала на салому малога і заплакала.

— Ой божачка-божа!.. Ой, што ж нам рабіць?..

Рабіць сапраўды было немаведама што, але ж і не здавацца гэтым зладзюгам. I Ляўчук, лежачы за падмурачкам, зычна закрычаў у шчыліну:

— Эй, ты! Ідзі вазьмі радыстачку! Ну! Ідзі вазьмі!..

I, ускінуўшы аўтамат, пулянуў туды праз сцяну — усяго адзін раз, болей ён не мог дазволіць сабе, але і гэтага разу для іх, мусіць, было даволі.

— Ну, падла! — пракрычаў зводдаль Кудраўцаў.— Дзяржыся! Зараз ты засквірчыш, як вяпрук у саломе!..

12

То быў намер, а не пустая пагроза — Ляўчук зразумеў гэта адразу. Вядома, ім спакусліва было б спаліць іх усіх разам з будынкам, але спярша, мусіць, трэба было да яго падысці. I ён рашыў нізашто не падпускаць іх да тока, адбівацца да апошняга. На гэты выпадак у яго заставаўся парабелум са жменяй патронаў, пара абоймаў была ў Грыбаеда і пяць штук у Клавы, — можа, як і дацягнуць да вечара. Ім дужа патрэбны быў вечар, цемра, можа б, у цемры яны ўратаваліся. Але сонца — халера на яго — вісела даволі высока, да ночы трэба было дажыць. Да ночы ім было доўга, як да канца вайны. — Грыбаед, глядзі! Будзе падпаўзаць — бі!

Ён прыкінуў у памяці, што двух, напэўна, яны падстрэлілі, а можа, нават і трох. Цяпер па стрэлах цяжка было палічыць, колькі тых яшчэ засталося, але, мабыць, не больш пяці. Двое былі за паветкай, двое ў алешніку і, мабыць, адзін у жыце. Другі ўжо не паднімецца. Пастараўшыся, можна яшчэ падстрэліць двух, і калі не прыйдзе падмога, дык іх сілы зробяцца роўныя. Тады яны яшчэ паглядзяць, хто — каго.

Ляўчук стаў сачыць за тым бокам, ад лесу, які цяпер здаваўся яму найбольш небяспечны. Ён думаў, што хтось з іх папаўзе да тока з агнём, каб падпаліць яго. Ці, можа, раней запаляць паветку? Праўда, ён не ведаў, з якога боку дзьмуў вецер і куды панясе агонь. Але ён быў як ніколі пільны і наважыўся не прапусціць падпальшчыка.

Таму, калі з-за паветкі грымнуў новы стрэл і куля, струнка мільгануўшы ў падстрэшшы, прасекла навылет страху, ён падумаў, што гэта трасірная. Следам грымнула і яшчэ раз, ніякай трасы не было відаць, і ён рашыў, што гэта звычайная. I толькі калі грымнула трэці раз, ён зразумеў, што яны ўдумалі, і ад гневу ў яго памутнела ўваччу.

Яны пачалі абстрэл запальнымі.

Клава ляжала на баку пад сцяной, затуляючы целам малога, у куце ля сваёй зручнай шчыліны скурчыўся Грыбаед — яны яшчэ не разумелі нічога, і ён нічога ім не сказаў. Ён чакаў, калі загарыцца страха, і супраць гэтага быў бяссільны. Ён нават не мог бы дастаць да таго агню, каб патушыць яго. Ды і чым было тут тушыць?