Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 50

Васіль Быкаў

Ён быў ужо спрактыкаваны ў баях партызан і не так ведаў, як унутрана адчуў, што яны блізка. Тады ён, ускінуўшыся з аўтаматам, стрэліў праз шчыліну ў адзін бок, у другі; побач некалькі разоў грымнуў з вінтоўкі Грыбаед. Падаючы ніцма, ён паспеў згледзець праз сухія сцябльг малінніку, як там нехта таксама гэцнуўся на зямлю, нехта, прыгнуўшыся, шаснуў у бок за паветку. Мусіць, паміраць у гэтым гумне ім таксама не дужа хацелася. З алешніку яшчэ бухалі, але ад дарогі замоўклі. Падобна было на тое, што ён зноў выйграў нейкую сабе перадышку, магчымасць падумаць, што рабіць далей. Але тут яго скалануў новы непакой за той канец тока, дзе была асець, і ён, сам не ведаючы чаму, кінуўся па драбінах угору.

Асець была маленькая, па земляной засыпцы ён сігануў да прадранага саламянага шчытка і ўпаў на жывот. Потым падпоўз да бліжэйшай дзіркі, зірнуў зверху на жыта і зларадна ўсміхнуўся. Адсюль добра было відаць, як двое ў чорных пілотках з расхрыстанымі каўнярамі мундзіраў краліся па жыце да тока. Адчуўшы кароценькую задаволенасць у душы, ён асцярожна ўзвёў затвор. Тыя, сагнуўшыся, каб не вытыркацца з жыта, не бачылі яго на асеці, і ён, старанна прыцэліўшыся ў пярэдняга, ляснуў адзіночным стрэлам. Паліцай недарэчна, бы здзіўлены, выпрастаўся ва ўвесь рост, закінуўшы ў неба галаву, павярнуўся на запятках і рухнуў плячамі ў жыта. Пакуль ён лавіў на мушку другога, той шалёна пусціўся на жыце ў алешнік. Ляўчук таропка стрэліў наўздагон без усякай надзеі трапіць і тут жа пашкадаваў выпушчанага марна патрона.

Двух стрэлаў было даволі, каб яго тут засеклі, і як толькі першая куля цюкнула недзе з-пад столі, сыпануўшы на яго пяском, ён скаціўся па драбінах на ток. Ён раптам адчуў удзячнасць да гэтай прасторнай будыніны, якая, можа, болей чым іншым, менавіта сваім прасторам і ратавала іх. Хай страляюць, падумаў Ляўчук, ток вялікі, не так лёгка ў каго тут трапіць.

Ён лёг ля той самай сцяны, да якой увесь час гарнулася Клава, і ў вузенькую шчылінку паміж бёрнаў стараўся згледзець, куды дзеўся яго недабітак. Але, здаецца, з таго боку цяпер не было нікога, ці, можа, добра схаваўся ў алешніку. Ад паветкі яшчэ разы два ляснулі стрэлы, затым неяк усё прыціхла.

— Гэй ты, жывы яшчэ? — глухавата даляцеў усё той жа голас Кудраўцава. — Хопіць пулькамі кідацца! Давай радыстачку і каціся к чортавай матары! Чуеш?