Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 48

Васіль Быкаў

Нядоўга паляжаўшы ля дзвярэй, Ляўчук паўзком кінуўся да сцяны насупраць, зірнуў праз нізкую шчыліну. Вінтоўкі бахалі, часам не зразумееш, адкуль, ва ўсіх напрамках ціўкалі кулі, але каменны падмурачак няблага прыкрываў іх у доле. Праўда, маліннік, які рос тут знадворку, месцамі густа пазахінаў шчыліны, і Ляўчук баяўся, каб тыя злыдні не падышлі блізка. Зблізку яны маглі б уварвацца праз дзверы, закідаць іх гранатамі ці расстраляць з аўтаматаў ва ўпор. У што б там ні стала, іх трэба было трымаць як мага далей ад тока. Здалёк хай страляюць. Цяпер, калі ўсчаўся бой, для Леўчука ўсё стала проста і звычайна, тут ужо ніякай няпэўнасці не было, бо не было дурной дзіцячай надзеі на авось. Ён разумеў, што папаліся яны як мае быць, і ўсё ў ім сцялося, сышлося на адным — не дацца!

Ён кідаўся ў доле ад сцяны да сцяны, заглядваючы ў шчыліны, але, мусіць, немцы пападалі таксама, і пакуль у кутку не пачаў бахаць з вінтоўкі Грыбаед, Ляўчук не мог згледзець, куды яны падзеліся. Але раз Грыбаед страляў, значыць, ён нешта бачыў з таго, свайго боку. Клава ляжала пад сцяной і, усё горнучы да грудзей малога, не зводзіла позірку з дзвярэй. Ляўчук толькі адзін раз зірнуў у яе роспачна акругленыя вочы і падумаў, што ёй не пашэнціла канчаткова. Папаліся яны ўсе добра, але ёй будзе горш за ўсіх. Ён хацеў неяк падбадзёрыць яе, толькі не знайшоў для гэтага слоў, а мацюгнуўся ў душы і кінуўся ў асець. Той канец тока не быў прыкрыты нікім, — мусіць, яго трэба было прыкрыць самому.

У прасмярдзелай дымам і сажаю асеці было цямней, чым у таку, а найгорш — не свіцілася ніводная шчыліна, апроч слепаватага вузкага акенца ў сцяне. Ён сунуў у шкло аўтаматам і зараз жа пляснуўся на ўсланы жэрдкамі дол — адначасна непадалёк ляснуў стрэл, і ў сцяну наўскос ад акна хлёстка цюкнула куля, чорны бок бервяна засвяціўся белаю плямкай. «Значыць, ужо пад абстрэлам і гэты бок тока, значыць, у жыта таксама не выскачыш», — сумна падумаў Ляўчук.

Паляжаўшы трохі, ён асцярожна падняўся да акенца і збоку зірнуў у напрамку да алешніку. Над краем жытняй нівы чарнелі па грудзі дзве постаці — яны пільнавалі яго ад асеці. I ён, не высоўваючы аўтамата, даў наўскос праз акно кароценькую чаргу ў іх бок — хай ведаюць, што і тут ёсць каму стрэліць. Хай не спадзяюцца! Потым, прыгнуўшыся, ён выскачыў цераз высокі парог у ток і ўпаў пад сцяной ля Грыбаеда, які ўсё пільна ўзіраўся праз шчыліну. Клава ляжала за саломай, старанна прыкрываючы сабой беленькі скрутак з малым. Бахнуў адзіночны стрэл, ціўкнула пад бэлькай куля, а затым страляніна вакол чамусьці спынілася.

— Грыбаед, патронаў багата?

Грыбаед павярнуўся на бок, не адрываючы позірку ад шчыліны, абмацаў кішэні мундзіра, выцягнуў некалькі абоймаў.

— Во чатыры абоймы.

— I ўсё?

— Ну.

— У цябе, Клава?

— Было восем штук.

— Тры стрэліла, засталося пяць. Да-а… Паваюеш тут!

Становішча ўвогуле было жахлівае, калі не зусім безнадзейнае, іх абклалі з усіх бакоў і трымалі пад неаслабным абстрэлам. Канечне, патронаў у тых хапала, а тут проста смешна было думаць, каб доўга адбівацца гэтымі пяццю дзесяткамі. Але тады што ж? Трэба было на штось спадзявацца ці на што наважыцца, толькі Ляўчук не мог нічога прыдумаць. Паляжаўшы, ён трохі аддыхаўся і пасунуў пераводчык агню на адзіночныя стрэлы. Цяпер ён рашыў страляць толькі прыцэльна і па адным патроне.