Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 46

Васіль Быкаў

— Божа мой, божа! — сказала Клава. — Дагэтуль во ўсё сама за сябе баялася, а цяпер удвая мне баяцца нада! За яго во! Такі маленькі!.. Залаціначка ты мая горкая, няшчасненькі ты мой дзіцёначак, як жа мне ўберагчы цябе? Чаго ж гэта доля наша такая?..

Ляўчук з прыкрасцю ўскочыў на ногі — ён не выносіў скаргаў, тым болей жаночых, да якіх проста не прывык у жыцці.

— Ладна табе плакацца! Выняньчым як-небудзь! Трэба во толькі добрае месца знайсці. Відаць, тут нікога не дачакаешся.

— Дык яе ж рана яшчэ чапаць. Ляжаць ёй трэба, — зазначыў Грыбаед.

— Хай ляжыць. I ты з ёй пабудзеш. А я пайду. Трэба дзе людзей пашукаць. Недзе ж яны павінны быць. Не ўсіх жа перабілі. Мо засталося трохі.

— У Круглянку трэба падысці. Цэлая была вёска. Гэта адсюль кіламетраў дзесяць.

— Што ж, можна і ў Круглянку. У мяне там дзядзька знаёмы быў. На май разам паліцыю ганялі.

— Або ў Шыпшынавічы. Але Шыпшынавічы невядома ці ўцалелі. Пры лесе стаяць.

— Пры лесе наўрад… Дай кацялок, па ваду схаджу. Нешта піць хочацца.

Грыбаед працягнуў руку за казанком, каб падаць яго Леўчуку, як Клава зноў здрыганулася і застыла, прыслухоўваючыся.

— Што? — не зразумеў Ляўчук.

— Чуеце? Чуеце?..

— Ды што?.. — хацеў быў прыкрыкнуць на яе Ляўчук і сам схамянуўся: у ветранай паўдзённай цішы знадворку данёсся ціхенькі галасок губнога гармоніка. Ляўчук моўчкі схапіў аўтамат і сігануў да дзвярэй.

11

Дзверы ён толькі прыадчыніў на ступню і тут жа прыкрыў іх зноў — у вузкую шчыліну паміж палавінак і без таго было добра відаць, як па дарозе са спаленай вёскі каціліся дзве фурманкі з чорнымі седакамі ў іх. У руках і за плячыма гэтых седакоў у чорных пілотках тырчалі вінтоўкі, чуўся гоман, смех і ціхае піліканне губнога гармоніка. Ляўчук роспачна-злосна вылаяўся.

— Што, што там? — спалохана пачала дабівацца Клава. — Немцы, ага? Немцы?

— Немцы! — сказаў Ляўчук і раптам адскочыў. ад дзвярэй. — Грыбаед — у той кут! Ты накрыйся! — сігануў ён да Клавы і тузануў з-пад яе галавы кажушок. — I ляжы! Ціха толькі. Яны міма едуць, — сам не надта верачы ў тое, што гаварыў, спрабаваў ён супакоіць сяброў.

Грыбаед падаўся ў кут, знайшоў там шырэйшую шчыліну і стаў пазіраць на дарогу. Ляўчук прыпаў да шчыліны каля дзвярэй і не адрываў позірку ад дзвюх фурманак, якія шпарка кацілі да ручая, пераехалі яго і, уз'язджаючы на пагорак, пайшлі павольней. Ён палічыў седакоў — на пярэдняй фурманцы іх было чатыры і трое на задняй. Галоўнае цяпер было ў тым, спыняцца яны ля гумна ці паедуць далей?

Не, яны не паехалі далей — па гэты бок ручая фурманкі спыніліся. Нехта там штосьці гукнуў, мабыць, па-нямецку, нехта саскочыў на дарогу, і вось ужо ўсе пасаскоквалі з фурманак. У Леўчука нядобра зашчымела сэрца — адчуў, мусіць: з гэтага ліха ім проста не выкараскацца.

— Грыбаед, чакай! Ціха!

Але і без яго вокрыку ў таку было ціха. Клава замест таго, каб захінуцца, паднялася на каленях у саломе і, горнучы да сябе малога, напружана ўзіралася ў Леўчука. Грыбаед скурчыўся ля свае шчыліны.

«Што яны, што яны будуць рабіць?» — нема перажываў Ляўчук неадчэпнае гэта пытанне, сочачы, як яны пабралі зброю, яшчэ нешта, распіхалі па кішэнях патроны і, пакінуўшы фурманкі на дарозе, рушылі па сцежачцы да іх гумна. Амаль з самага пачатку яны раздзяліліся на дзве чарады — адна скіравала сюды, на падворак, дзе былі дзверы тока, другая, меншая, пачала абыходзіць гумно з глухога ад алешнічку боку. Усё было б проста і нават банальна, калі б яны не паводзілі сябе неяк дужа спакойна — нетаропка, без усякае асцярогі, адкрыта ішлі па сцежцы. Менавіта гэтая іх неасцярога разам з няпэўнасцю іх намеру і давалі Леўчуку надзею — а вось не па іх? Можа, яны ідуць далей і пройдуць міма? Ахоплены насцярожанай увагай, ён сцяўся ля шчыліны, паставіў на баявы ўзвод аўтамат і вялікім пальцам памацаў пераводчык, каб упэўніцца, што той стаіць на аўтаматычнай стральбе.