Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 45

Васіль Быкаў

Немцы няблізка, адзін паліцай на вёску — Казлюк такі ў нас быў — здыхля, недаробак, ходзіць з павязкай, драгунка ка плячы. Дык што я буду яго баяцца? У мяне ў самога СВТ у варыўні пад страхой, калі што, я яго ўраз шпокну. I праўда, ён мяне не чапаў, пабойваўся. Але пад вясну такіх, як я, завуць у раён на рзгістрацыю. Некаторыя пайшлі, пабаяліся — і цю-цю! Забралі. Раз так, я за СВТ і ў лес. Во тады Казлюк і асмялеў. Прыехаў з бандай ды за бацьку. «Дзе сын?» — Не знаю. «Ах, не знаеш, то мы знаем!» I забралі бацьку. I цю-цю бацька. Праз мяне, героя. Дужа смелага. А каб прыхаваўся… Дык дзе ж мне бацьку паслухаць! Ён жа на печы сядзеў, а я паваяваў ужо…

Малы пачаў нешта незадаволена варушыцца пад рукамі ў маці, затузаўся ў сваім шаўковым скрутачку, падаў ціхенькі плаксівы голас. Клава ўзяла яго — дужа беражна і няўмела, ціхенька прыгаворваючы нешта ласкавае, і Грыбаед панятліва сказаў:

— Ага, давай, давай. Бач, есці хоча. Ну, а ты адвярніся, чаго не бачыў?

Ляўчук адвярнуўся, Клава прытуліла дзіця да грудзей, трохі прыхінулася радзюжкай.

— А і добра! Яй-богу, добра, — сказаў Ляўчук, зноў выцягваючыся на таку. — Не было б вайны, была б у мяне жонка. Меў адну на прыкмеце, Ганькай звалі. Ды дзе там — ні Ганькі, ні жонкі. Вайна!

— Божа! — з праніклівай набалеласцю сказала Клава. — Хіба гэта я думала, што такая вайна. Я ж сама пайшла, сама напрасілася. Браць не хацелі, ледзь не па блату ў радыё-школу ўладкоўвалася. Думала… А тут! Божа, колькі тут гора, колькі крыві ды смерці! Як толькі тут людзі трываюць, каторыя месныя! Ну мужчыны — яшчэ панятыа. А то жанчыны, дзяўчаты, дзеці! Іх, бедных, за што — б'юць, сабакамі цкуюць, паляць? Ды яшчэ з такой лютасцю, такой нянавісцю!

— Во таму і б'юць, — сказаў Грыбаед, усё ўставіўшыся позіркам кудысь перад сабой. — Бо без абароны! Партызанаў не дужа паб'еш — здачы даць могуць. А тут прыедуць, абкружаць, пагоняць усіх у клуб ці ў абору, нібы дакументы праверыць. Усе знаюць, што не дакументы, а ідуць. Спадзяюцца. Ужо і запруць дзе, а ўсё спадзяюцца: а раптам пужаюць? I ўжо страляць пачнуць — усё спадзяюцца: а можа, не ўсіх? Так да самай смерці ўсё спадзяюцца на лепшае. Каб яно спрахла, тое спадзяванне!

— Ну няхай б'юць немцы… А каторыя нашы! Свае! Як жа ў іх рукі паднімаюцца?

— Паднімуцца! — сказаў Ляўчук і сеў роўна. — Калі ўжо на такое пайшлі, форму надзелі, вінтоўкі ўзялі, дык мусяць, што ні скажуць. Не адмовішся.

— Але як жа пайшлі на такое? — не магла зразумець Клава.

— Крыўда адолела на Саветы. Пакрыўдзіліся і падаліся да немцаў. А тыя спярша добранькія — я, я, паспачувалі ды вінтоўкі ў рукі. I загад: давай — пуф, пуф! Усё з маленькага пачынаецца.

— Добра яшчэ, калі пад прымусам, — разважна сказаў Грыбаед. — Яно і відаць, калі па прымусу. Быў вунь у Зарудзічах выпадак, як палілі — адзін немец згледзеў пад печчу падлетка ды прыкладам яго, прыкладам, запіхаў у самы кут — сядзі! I гэны ўцалеў. Усіх пабілі, папалілі, а гэны ўцалеў. Немец уратаваў. А каторыя, як звяры. Ад крыві, як ад самагонкі, шалеюць. Чым болей льюць, тым болей хочацца.