Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 31

Васіль Быкаў

— Ну што? — не стрываў Ляўчук, які нічога пэўнага не ўбачыў на яго твары.

Падышоўшы бліжэй, Грыбаед моўчкі паклаў у доле вінтоўку, стомлена сеў і зняў з галавы шапку, адкрыўшы белы, зусім не загарэлы, зморшчаны лоб. Апошні раз ён галіўся, мабыць, на мінулым тыдні, і ўвесь яго твар густа зарос буравата-шызаю шчэццю.

— Ды як сказаць? Вёска ёсць адна, ды папаленая.

— Што радасці — папаленая! — зазлаваў Ляўчук. — Нам з людзьмі трэба.

— Папаленая, ага, — безуважна да яго злосці, казаў Грыбаед. — Гуменца і ўцалела ўсяго. З краю. Думаў, пустое, аж гляджу, баба поркаецца каля жыта.

— Баба?

— Баба, ага.

— Гаварыў з ёю?

— Ды я не гаварыў. Я згледзеў і назад. Спяшаўся ж.

— Ага, ну добра, — падхапіў Ляўчук. — Тады давай, Клава. Уставай. Гэта далёка?

— Ды не дужа. Во за саснячком роў, ручай гэты. Затым расцяробам… Жыта там, — пачаў прыпамінаць Грыбаед.

— Ну колькі? Кіламетр, два, тры?

— Можа, два, ага. Або тры.

— Пайшлі!

Клава з натугай паднялася, хіснулася, ледзьве ўстояўшы на нагах. Пасля цяжка ўстаў Грыбаед. Ён, пэўне, падбіўся і быў з выгляду дужа змораны, мабыць, яму не шкодзіла б адпачыць, ды Ляўчук спяшаўся прыбіцца да якой пэўнасці, да людзей. Усё ж у ім жыла, і чым далей, тым мацнела, трывога за Клаву.

Яны знарок нетаропка, каб не пакідаць ззаду радыстку, сышлі з хваёвага пагорка, абышлі равок, за якім узбіліся на лесавую дарожку. Перш чым пайсці па ёй, Ляўчук паглядзеў направа, налева, прыгледзеўся да слядоў. Але сляды тут былі старыя — замытыя дажджом каляіны, нясвежыя знакі капытоў і колаў, мусіць, ездзілі тут даўно. Тым не менш ён перасунуў на плячы аўтамат, каб той быў пад рукой, ствалом наперад, і ішоў, азіраючы кожную паваротку наперадзе.

— Ды нікога няма тут, чаго глядзець, — заўважыўшы неспакой Леўчука, сказаў Грыбаед. — Я ж ішоў.

— Глядзі, які смелы: ішоў! — зласнавата азваўся Ляўчук. — А калі немцы?

— А чорт з імі! Мусі, такі ўжо лёс, куды дзенешся?

— Ну гэта, ведаеш… Гэта ты так сабе можаш думаць. А нам жыць трэба. Праўда, Клава?

Клыпаючы ззаду, Клава не адказала. Відаць, ёй было не да жартаў, яна ўжо ледзьве трывала, кусаючы засмяглыя вусны. Ляўчук непакоіўся — хоць бы дайсці да гэтага разведанага Грыбаедам жытла, а то калі развязе дзеўку ў лесе, што тады рабіць з ёй? Пакорлівыя словы Грыбаеда наконт свайго лёсу не спадабаліся Леўчуку, які наогул быў супраць усякай пакоры, тым больш у вайну. Хоць ён і не мог не разумець гэтага старога, якому даволі-такі дасталося ў жыцці.

— А я, ведаеш, дык і жыць не дужа хачу. Можна сказаць, і саўсім не хачу, — шкандыбаючы босымі нагамі па зляжалым пяску, казаў Грыбаед. — Навошта мне тая жызня, калі маіх нікога няма? Ні бабы, ні дзетак. Вайна скончыцца, а што я? Каму патрэбны?

— Дзівак ты! — сказаў Ляўчук. — Вайна скончыцца, у пачоце будзеш. Ты ж во які заслужоны: з першай вясны ў партызанах ходзіш.