Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 33

Васіль Быкаў

Усё ішло больш-менш няблага, спакваля палкоўнік пачаў уставаць з ложка і патроху хадзіць па хаце, палітрук пакуль што толькі спрабаваў садзіцца ў ложку, як аднойчы на Выселках з'явіліся паліцаі.

Праўда, Грыбаед сваім часам паспеў іх згледзець, параненых як-колечы закідалі рыззём у запеччы, і калі два паліцаі зайшлі ў хату, дык чужых тут яны не ўбачылі. Каб не даць ім асабліва разглядвацца, Грыбаед сунуў ім бутэльку самагону, а жонка дастала з кубёлка кус сала, і задаволеныя бобікі пабеглі хутчэй пахмяляцца. Першая небяспека такім чынам абмінула іх бокам. У той жа час некаторым у іхняй вёсцы пашчасціла менш: ад'язджаючы ў мястэчка, паліцаі павялі з сабой трох незнаёмых, знойдзеных на Выселках, іхніх гаспадароў таксама… Увечары, калі дадому вярнуліся Церахаў з Венем, яны нядоўга параіліся і рашылі перасяляцца ў лес.

За алешнічкам збоч ад Грыбаедавай сядзібы выкапалі зямлянку, добра ўкрылі яе мохам ды лапнікам і так замаскавалі, што праз дзесяць крокаў нельга было здагадацца, дзе тут зямлянка. У сярэдзіне паставілі скляпаную з бляхі грубку, добра напалілі яе і неяк поначы пад кастрычніцкае свята перавезлі туды параненых. Але ж, вядома, выседзець там безвылазна было немагчыма, трэба быў харч, вопратка, і па начах вайскоўцы прыходзілі да Грыбаеда, ды і ён нярэдка наведваўся да іх. Пакуль не выпадаў снег, усё было незаўважна, але затым, пасля першых снегападаў, пачалі заставацца сляды, чым далей, тым больш; стала нават прыкметна сцежачка ад сядзібы ў алешнік. Як Грыбаед ні таіўся ад паліцыі і суседзяў і наогул ад старонняга вока, нядобрыя людзі, мусіць, усё ж нешта згледзелі і даказалі немцам.

Яго выратаваў выпадак ці, можа, ягоны лёс, як лічыў сам Грыбаед. Іншым пашэнціла меней.

Сталася так, што незадоўга да новага года кончыліся дровы, якіх цяпер трэба было ўдвая больш, бо ў зямлянцы палілі падоўгу і часта — было ўсё ж холадна, асабліва параненым. Але добрых дроў паблізу ад Выселак даўно не было, вяскоўцы ездзілі за дзесяць кіламетраў у пушчу. Неяк раненька на дасвецці Грыбаед пабудзіў Валодзьку, запрог у сані кабылку, і яны паехалі да знаёмай дзялянкі, дзе некалькі год ляжалі нарыхтаваныя, ды не вывезеныя ў Данбас штабялі рудстойкі. Дзялянка была няблізка, але Грыбаед меркаваў да ночы ўправіцца і адным заездам поцемку падкінуць дроў і ў зямлянку. Тым болей што з раніцы церушыў сняжок, значыць, след ягоны засыпле.

Здарылася, аднак, нечаканае. Калі яны з гружанымі санямі нераязджалі Крывы ручай, зламаліся два капылы ў санях, бёрны аселі канцамі ў снег, кабылка, як ні тузалася, не магла выкараскацца на ўзгорак. Мусілі выгружаць сані і вывозіць дровы з раўка за тры разы, таму добра-такі прыпазніліся і толькі апоўначы пад'язджалі да Выселак. Грыбаед ішоў поруч з кабылкай, прытомлены Валодзька сядзеў на дровах; недаспаўшы ўранку, хлопчык драмаў, і бацька ўсё азіраўся, каб той сонны не зваліўся пад полаз.

Ім заставалася, можа, кіламетры два да зямлянкі, як Грыбаед учуў стрэлы.

Стрэлаў было не шмат — некалькі разоў бахнулі вінтоўкі, аднойчы пратрашчаў і змоўк аўтамат. Здаецца, таксама данёсся і крык, — ці можа так ім здалося, — і ўсё сціхла. Устрывожаны нядобрым прадчуваннем, Грыбаед скіраваў сані з дарогі пад ельнік і, пакінуўшы з імі Валодзьку, пашыбаваў наўпрасткі цераз лес да зямлянкі.