Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 30

Васіль Быкаў

Ён думаў, што ўранку яго выпусцяць, але не выпусцілі ні ўранку, ні ўвечары, ён праседзеў у яме да панядзелка, аж покуль у атрадзе не разнеслася чутка, што на станцыі, трапіўшы ў засаду, загінуў іхні начштаба Платонаў.

Учуўшы такое, Ляўчук не мог болей сядзець. Не зважаючы на вокрык варты, выскачыў з ямы і кінуўся да штабной зямлянкі, ля якой ужо білася на траве Клава і лютаваў камандзір атрада. Другія камандзіры хадзілі з апушчанымі галовамі і толькі моўчкі ўздыхалі.

Як і прадчуваў Ляўчук, у той неспадзяванай гібелі начштаба была і яго, Леўчукова, віна. З прычыны ягонай адсутнасці камандаваць групай узяўся сам начштаба Платонаў, які вечарам у нядзелю з Кудраўцавым і трыма партызанамі адправіўся на станцыю. Два з тых пяці сядзелі цяпер у камандзіра і расказвалі, як усё здарылася.

Спярша ўсё ішло добра і не наводзіла ні на якія падазрэнні. На змярканні яны дабраліся да станцыйных гародаў і зашыліся ў лапіку выбуялых за лета канопляў. Як змерклася яшчэ болей, Кудраўцаў вузенькім завулачкам пайшоў да свайго дзядзькі, астатнія засталіся чакаць. Але чакаць давялося доўга, думалі, нешта не выходзіць у Кудраўцава з дзядзькам, і, трацячы цярпенне, Платонаў палез у цемры з канопляў паглядзець, што робіцца паблізу. Але не паспеў ён падлезці пад плот, як хлопцы пачулі яго сцішаны крык, грымнулі стрэлы. Усе рванулі цераз каноплі на той бок гарода, але і там наскочылі на гітлераўцаў, якія ўдарылі па мяжы з аўтамата. Зразумеўшы, што трапілі ў засаду, хлопцы кінуліся ў розныя бакі і, ужо бегучы, пачулі голас Кудраўцава, які крычаў: «Таго, таго лавіце, у кубанцы!»

У кубанцы ў іх быў Платонаў.

Пасля стала вядома, што начштаба з прастрэленымі грудзямі пацягнулі на допыт, але ён быў непрытомны і на другі дзень сканаў. Кудраўцаў пасля таго недзе знік са станцыі. Пэўна, ягоныя гаспадары перакінулі яго ў іншае месца, дзе таксама шанавалі добрую ігру на гармоніку.

Клава рвала на сабе валасы, Ляўчук скрыгатаў зубамі. Праз два дні яго перавялі з узвода разведкі ў трэцюю роту радавым кулямётчыкам.

7

Грыбаед вярнуўся гадзіны праз тры, не меней.

Ляўчук ужо перасунуўся з сонца ў засень, бо зрабілася горача, анучы яго ўсохлі, як лубяныя, боты таксама падсохлі збольшага, і ён усцягнуў іх на ногі. Клаву штосьці пачалі біць дрыжыкі, ён яе ўкрыў ватоўкай і ўгаворваў супакоіцца, нават заснуць — ён думаў, што ў сне з ёй не пачнецца тое. Ды і яго самога ўсё апаноўвала дрымота — пасля бяссоннае ночы было б самы раз задрамаць. Але драмаць было нельга. Каб разагнаць сон, ён рашыў чым-небудзь заняцца — адняў дыск ад аўтамата, зняў вечка. Дыск быў амаль поўны, Ляўчук палічыў патроны, іх аказалася сорак тры — на чатыры добрых чаргі. I ён зноў упарадкаваў аўтамат, прыладзіў адарваную почапку і пачаў нецярпліва выглядваць Грыбаеда. Ён чакаў яго з таго боку, куды той пайшоў, але стары нечакана вылез з гусцейшага хвойніку, які быў у яго за плячамі, і пачаў атрасаць ад ігліцы шапку.