Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 29

Васіль Быкаў

Ляўчук сам пэўна не ведаў, кахаў Клаву ці не, можа, проста яна па-дзявочы падабалася яму, але ён не зрабіў ні адной спробы зблізіцца з ёю, бо не хацеў пераходзіць дарогу Платонаву. Яшчэ тады, як ён прывёз яе з Кіраўскай, ён з першага позірку між новай радысткай і іхнім начштаба зразумеў, што так у іх не абыдзецца, — дужа ўжо яны былі здатныя адзін для аднаго: абое ладныя, прыгожыя і маладыя. I ён адступіўся ад яе, але толькі дзеля аднаго Платонава, і болей адступацца не меў намеру ні для каго іншага. Нават калі б ён быў, як анёл, прыгожы і граў на аргане, а не на такім пабітым гармоніку. I Ляўчук ціха, але ўпарта, з усёй маладой сілай узненавідзеў гэтага наваяўленага партызана, усеагульнага любімца і сімпацягу Кудраўцава. Аднойчы ён нават наважыўся пагаварыць пра яго з Платонавым і ўжо быў спыніў яго ў часе сустрэчы на сцежцы, ды раптам капітана паклікалі ў штабную зямлянку, і Ляўчук, хвіліну счакаўшы, пайшоў па сваёй справе.

I шкада, што не пагутарыў. Хто ведае, можа б яго не дужа пэўная гутарка не дапусціла вялікай бяды, якая неўзабаве здарылася ў атрадзе.

Неяк у Клавы пачаліся нелады з рацыяй, аднойчы яна нават прапусціла сэанс сувязі, бо не магла даць рады свайму «севярку». Ляшчова ў той час у атрадзе ўжо не было — адкамандзіравалі ў групу Цеслюка, і ніхто ёй памагчы не мог. I тады ў штабе ўспомнілі пра Кудраўцава. Ён ахвотна ўзяўся за дапамогу, нешта зрабіў там, і рацыя сапраўды пачала працаваць. Толькі ён сказаў, што яна так нядоўга пратрымаецца, што трэба змяніць нейкую зубчатку. Але дзе было ўзяць у лесе тую зубчатку? I Кудраўцаў, падумаўшы, сказаў, што гэту штуковіну можна дастаць на станцыі, ён ведае чалавека, але той чалавек можа даверыцца толькі яму і нікому болей. Платонаў падумаў, параіўся з Клавай, і яны рашылі, што трэба паспрабаваць. Толькі паслаць Кудраўцава трэба не аднаго, а з групай, і камандзірам групы прызначылі Леўчука. Ляўчук не адзін раз хадзіў на тую станцыю, у яго там былі знаёмыя, і ён асаблівай увагі не надаў гэтаму заданню — былі куды болей важныя і трудныя, і то як-небудзь усё абыходзілася.

На станцыю Ляўчук павінен быў пайсці ў нядзелю, а ў суботу, вяртаючыся з Клясцоў, яны, трое разведчыкаў, завіталі па дарозе на хутар да знаёмага чалавека, які добра пачаставаў іх. I калі пасля прыходу ў атрад ён далажыў камандзіру аб выкананні задання, той тут жа распарадзіўся адправіцца Леўчуку ў яму каля каравульнай зямлянкі, дзе ў іх была гаўптвахта. Ляўчук закіпеў, нагаварыў камандзіру чорт ведае чаго, але ўрэшце быў змушаны здаць аўтамат і пад канвоем камандзіравага ардынарца адправіцца да яміны, куды ён са злосцю кінуў сваю ватоўку, а пасля скочыў сам і адразу ўлёгся спаць.