Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 32

Васіль Быкаў

— З першай, ага.

— Ордзен заробіш, чалавекам будзеш. Хаця для ордзена, канечне, не пры фурманцы трэба быць.

— Эт, нашто мне той ордзен! Мне б Валодзьку майго! Усіх бы аддаў — і дачок, і бабу. Абы Валодзьку аднаго…

— Валодзьку тады забілі? — запытаўся Ляўчук.

— Аняго ж! На маіх, лічы што, руках. Разрыўная, у бок. I кішачкі вылезлі. Такія тоненькія, як птушыныя. Збіраў, хапаў, ды што! Разрыўная.

— Жах, жах! — крутнуў галавою Ляўчук.

Жахаў у гэтую вайну хапала, але Грыбаедава гісторыя была асабліва жахлівая. Невядома, ці на тое былі якія прычыны, ці можа проста надарыўся кепскі выпадак, — сапраўды, такі ўжо лёс, — але перажыў стары столькі, што не пажадаеш ворагу. I часткова праз сваю дабрату, як думаў Ляўчук, які ўжо што-колечы чуў у атрадзе пра гора гэтага чалавека.

Грыбаед жыў з вялікай сям'ёй на Выселках — так звалася вёска, што стаяла ў баку ад вялікіх дарог, ля самае пушчы. Грыбаедава сядзіба была ад вёскі наводшыбе ля самых кустоў. Фронт у тое першае ваеннае лета перайшоў цераз гэтыя мясціны хутка. Людзі яшчэ займаліся тым, чым займаліся сотні гадоў раней, і ў той дзень капалі ў полі бульбу. Капаў яе і Калістрат Грыбаед з жонкай і старой маці, ім памагалі дзеці — старэйшыя Галя і Валодзька; меншыя, Шура і Манечка, грэліся каля цяпельца на ўзмежжы — пяклі бульбу. Заставалася выбраць баразён з пяць на шнурку, як, разагнуўшыся, Грыбаед убачыў на краі алешнічку чалавека, які моўчкі махаў да яго рукой — клікаў падысці.

Грыбаед кінуў бульбіну ў кошык, азірнуўся на жонку, якая засяроджана корпалася ў зямлі і нічога не бачыла, і, нетаропка стаўляючы ногі ў раллі, пайшоў да ўзлеску.

Стуліўшыся за маладой хвойкай, незнаёмец чакаў. Гэта аказаўся аброслы бародкай, яшчэ не стары чалавек у вайсковым бушлаце з нямецкім аўтаматам у руках. Ён распытаў пра немцаў, паліцыю і папрасіў Грыбаеда памагчы — непадалёк адсюль, за балотцам, засталіся яго таварышы, два з іх параненыя і самі ісці не могуць, ім трэба недзе затуліцца да часу. Грыбаед усё зразумеў і, нічога не сказаўшы чалавеку, вярнуўся ў поле, запрог кабылку і паехаў дарожкай у алешнік, дзе да яго падсеў той вайсковец з нямецкім аўтаматам у руках.

Яны ад'ехалі недалёка, вайсковец паказаў мясціну ў гушчары пры дарозе, дзё чакалі яго таварышы. Было іх трое — двое цяжка параненых, якія самі ісці не маглі, і маладзенькі кірпаносы баец з бялявым пушком на шчоках, якога клікалі Венькам. Яны ўладкавалі параненых у фурманку і, як сцямнела, прывезлі іх на сядзібу да Грыбаеда.

Тры тыдні параненыя — палкоўнік-танкіст і палітрук — Ляжалі ў яго хаце, бабы, як умелі, даглядалі іх, аднойчы Грыбаед прывозіў з мястэчка знаёмага фельчара, добра заплаціў яму, і фельчар пакінуў нейкае лякарства, якое наказаў прыкладваць да ранаў. Ад таго лякарства раны няблага гаіліся, хоць і не так хутка, як таго хацелі параненыя, што з гэтай прычыны дужа перажывалі ў самоце. Іх здаровыя таварышы, Церахаў з Венем, часта адлучаліся і па некалькі дзён не былі ў хаце. Яны нічога не гаварылі гаспадару, але ён ведаў — шукалі партызан.