Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 22

Васіль Быкаў

Тым часам Грыбаед ужо выцягнуўся ў баразне, няблага прыкрыты бульбоўнікам, і Ляўчук тузануў на сябе цяжкое цела дэсантніка. Аднаруч ён не ўтрымаў яго, і яны разам рухнулі ў бульбоўнік поруч з канём. Ціханаў заенчыў, застагнаў, але неяк адразу сціх, а конь, апынуўшыся без апекі, спыніўся і, павярнуўшы галаву, няўцямна пазіраў у далеч.

— Во ўлезлі, дык улезлі! Гэта табе не балота, — прабурчаў у баразне Грыбаед. Побач курчыўся Ціханаў, Ляўчук памкнуўся быў да каня, каб сцягнуць з яго хамута аўтамат, але аўтамата там ужо не было, мабыць, яго, падаючы, садраў дэсантнік. Тады Ляўчук асцярожна выглянуў з бульбоўніку: машыны стаялі сабе, трохі прыкрытыя кустамі; з адной, пэўна, хтось вылез, нягучна бразнулі дзверцы. Мусіць, там пралягала дарога, і немцы спыніліся па якой часовай патрэбе. Здаецца, яны іх яшчэ не заўважылі.

А можа, яны хутка паедуць?

Партызаны паляжалі з хвіліну ў росным ад начы бульбоўніку, над лесам ужо ўзышло сонца і шырока развесіла над полем свае ранішнія зыркія промні. Мусіць, гэтыя промні трохі сляпілі немцаў, а то б на такой адлегласці яны ўгледзелі іх на полі.

Так прайшло трохі часу, а яны ўсё ляжалі, невядома чаго чакаючы і на што спадзеючыся. Ціханаў паводзіў сябе спакойна, не кратаўся і маўчаў, хоць, як здалося Ляўчуку, чуў усё, што тут з імі здарылася. Ляўчук раз-пораз зіркаў паверх бульбы адным вокам і раптам убачыў, як нехта там, на дарозе, стаў тварам да поля і глядзіць у іх бок. Мусіць, тое ж заўважыў і Грыбаед, бо хутка ён злым бурчаннем стаў адганяць каня:

— Пайшоў! Пайшоў прэч! Прэч ты, халера!.. Ну, было пэўна: немцы згледзелі адзінокага каня з хамутом на шыі, — і, мусіць, гэта іх зацікавіла. Неўзабаве да першага падышоў другі — высокі перахлябісты немец з вядром у руках, нядоўга яны пагаварылі аб чымсьці, углядаючыся ў іх бок. I Ляўчук зразумеў пэўна, што іх немцы яшчэ не бачаць, — бачаць толькі каня.

А раптам яны прыйдуць па яго?

Гэтая думка не на жарт спалохала Леўчука, і ён таксама зашыпеў, зацыкаў на іх беднага, яшчэ не абсохлага з ночы коніка:

— Гэць! Гэць адсюль! А ну пшоў! Пшоў! Бедная жывёліна пастаяла, паазіралася ў адзін бок, у другі і без жаднай увагі да незразумелых сцішапых вокрыкаў пачала мірна скубці бульбоўнік. Ляўчук ледзь не завыў ад прыкрасці, ад свае бездапаможнасці, але ён не мог устаць, каб адагнаць каня. Ён не мог нават як след замахнуцца на яго.

— Грыбаед! Грыбаед! Адгані! Хутчэй адгані!

— Пайшоў, халера! Прэч! Прэч! — гучным шэптам сіліўся ў баразне Грыбаед, ды марна — конь павярнуўся ўпоперак барознаў і скуб вяршак бульбоўніку.

— Каб ты здох! Каб цябе ваўкі з'елі!.. Каб ён цяпер здох, для іх, мусіць, было б гэта шчасцем, але ён здыхаць не збіраўся, а збіраўся папасвіцца тут, хоць і з хамутом на шыі. I яны апанурыліся, сцяліся і толькі зрэдку засцярожліва пазіралі з бульбоўніку.

— Што, немцы далёка? — раптам прахапіўся паранены і ўскінуў рудую, у бінтах галаву.

— Ціха! Ляжы ты! — прыкрыкнуў на яго Ляўчук.

— Немцы далёка?

— Ціха! Якое далёка… Вунь, на дарозе…

— Сюды ідуць?

— Ды не яшчэ! Ты ляжы…

— Якое не, — прасіпеў у іх бок Грыбаед, які, зірнуўшы, тут жа тыцнуўся ў баразну. — Ідуць ужо.