Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 23

Васіль Быкаў

Ляўчук толькі на якую долю секунды выткнуўся з бульбоўніку, але тае долі было дастаткова, каб згледзець, як два немцы, нетаропка ступаючы цераз барозны, кіравалі да іх. Што да іх, у тым не было сумнення, напрамак іхняй хады Ляўчук вызначыў пэўна. Але конь, скубучы бульбоўнік, ужо адышоўся ад іх, можа, крокаў на дзесяць, мусіць бы, неўзабаве ён адышоўся і далей. Шчаслівая гэта думка маленькай надзеяй бліснула ў Леўчуковай свядомасці, толькі яна і была іх спадзяваннем — іншага тут не выпадала.

— Дзе немцы? — зноў усхапіўся Ціханаў.

— Ціха! Замры!

— Дзе немцы? Ідуць?

— Ідуць! Ціх…

— Браць ідуць? Не, мяне ўжо не возьмуць, гады!..

Апошнія яго словы, якія ён амаль выкрыкнуў, прадчуваннем новай бяды скаланулі Леўчука; праз каліўе той усім целам ірвануўся да параненага, як раптам амаль з-пад яго рук па бульбоўніку джыганула грымотная чарга.

Перастаючы адчуваць сябе, Ляўчук ірвануў за аўтамат, думаючы ў запале, што гэта дэсантнік пальнуў у немцаў, як убачыў разматляны скрываўлены бінт на апалай у баразне яго галаве, з якой між бульбоўніку па жвіры плыла кроў, Тады ён зразумеў усё і ўскочыў, моцна тузануўшы аўтамат з-пад цела нябожчыка, абарваў раменную почапку і з калена даў кароценькую чаргу па тых двух, якія спярша прыпыніліся, а пасля кінуліся назад, да дарогі. Побач гулка бахнуў вінтовачны стрэл Грыбаеда, Ляўчук крыкнуў: «Бяжым!», — і яны, прыгнуўшыся, што было сілы пабеглі па разоры назад да ўзлеску.

Ляўчук на бягу злосна лаяўся; такога ад Ціханава ён не чакаў. Ён хутка дагнаў Клаву, якая, спатыкаючыся, няўклюдна бегла таксама да ўзлеску. Бегучы, яны не зводзілі позірку з машын на дарозе, куды ўжо дабеглі тыя два немцы і адкуль прагучала некалькі стрэлаў з вінтовак — некалькі куль з тугім звонам прайшло над іх галовамі. Але ад дарогі да іх было ўсё ж далёка, і яшчэ праз хвіліну, падбягаючы да ўзлеску, Ляўчук акрыяў духам — ён зразумеў, што яны ўцякуць. Побач ужо быў хмызняк — у хмызняку далёкія стрэлы для іх не страшныя.

Перш чым схавацца за крайнімі кустамі, Ляўчук азірнуўся — некалькі немцаў стаяла каля машын і пазірала на ўцекачоў. Але яны не стралялі — мусіць, было ўжо далёка. Ззаду пасярод бульбы сіратліва стаяў, памахваючы хвастом, іх конь з хамутом на шыі. Ціханава адсюль не было відаць.

— Ну і балда! Ну і зуй! — не мог супакоіцца Ляўчук. — Столькі мучыліся з ім. А ён…

Яны неўзабаве зашыліся ў кустах і то ішлі, то беглі, стараючыся як мага далей адысціся ад таго небяспечнага месца. Грыбаед дагнаў Леўчука і трымаўся блізка ад яго, насцярожана азіраючыся па баках і назад. Кусты тут былі не густыя, з бярэзнікам і маладымі елачкамі, гусцейшыя месцы Ляўчук спрактыкавана абмінаў стараной. Яны б маглі бегчы і хутчэй, калі б не Клава, якая адставала, і Ляўчук час ад часу мусіў спыняцца, чакаць яе. Яна, бачна было, з немалым намаганнем даганяла іх, запавольвала крок і, каб не ўпасці, хапалася адной ці абедзвюма рукамі за галіны дрэў. Ёй было кепска, Ляўчук бачыў гэта, але тут ім спыняцца не выпадала, трэба было як мага адысціся далей, і ён упарта імкнуўся наперад.