Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 24

Васіль Быкаў

Праз нейкі час яны выбраліся з кустоў на луг з рэдкімі купкамі лазняку на някошаным травяністым прасцягу. Ляўчук тут дазволіў сабе спыніцца, каб аддыхацца і пачакаць Клаву. Немцы іх, здаецца, не даганялі, але ўнутры ў ім усё трэслася ад таго недарэчнага здарэння, і ён думаў, што яны цудам выбавіліся з бяды. I ўсё праз Ціханава, які забіў сябе, на што, вядома, меў поўнае права, але тым ледзьве не загубіў астатніх. Пільна азіраючы лугавіну, каб зноў дзе не напароцца на немцаў, ён чамусьці не ў лад са сваім настроем раптам падумаў, што, а можа, ён уратаваў іх? Сапраўды, калі б ён не стрэліў і здаля не напалохаў немцаў, тыя, вядома, падышлі б бліжэй і, мабыць, напароліся б на іх у бульбе. А ў такой сутычцы яшчэ невядома, каму б пашчасціла выскачыць жывым, вельмі проста маглі пагінуць усе.

Вось табе і «балда»…

Ляўчук ад гэтай думкі ажно збянтэжыўся, разгубіўся і ўжо не ведаў, як аднесціся да Ціханава і яго ўчынку. Было падобна на тое, што дэсантнік сапраўды ўратаваў іх. Вызваліў ад сябе — гэта пэўна. Ужо за адно гэта трэба дзякаваць яму — як бы яны ўцяклі без каня з параненым? Вайна ўжо дала Леўчуку некалькі самых пераканаўчых урокаў, ён многа ўведаў на ёй і лічыў, што болей яго здзівіць немагчыма. А вось, выходзіць, здзіўляла. Мабыць, яе неспадзяванкам не было канца, і наўрад ці хопіць жыцця, каб як след разабрацца ў яе дзівосах. Вось хоць бы і Клава.

З пакутніцкім выразам на нездаровым твары — з рудымі плямамі каля рота і на лбе — яна дагнала мужчын і цяжка ўпала каленямі ў траву.

— Не магу… Не магу я…

— Ну во яшчэ! — грубавата азваўся Ляўчук. — ПІто ж тады? Прайшлі які кіламетр…

— Ды ўжо кіламетры два, — паправіў Грыбаед.

— Дык што ж — два! Для іх гэта дзве хвіліны. Бачылі машыны?

Яму не запярэчылі, і ўсе ўтраіх замоўклі.

Клава, седзячы ў ранейшай позе, абапіралася рукамі аб травяны дол і дыхала, дыхала, утаймоўваючы стому, гатовая вось-вось расплакацца, а яны ўдвух стаялі каля яе і не ведалі, што рабіць. Грыбаед моўчкі і нахмурана пазіраў з-пад свае шапкі-кучомкі, нешта тоячы ў сваіх пачуццях да яе — можа, шкадаванне, а можа, папрок за ўсё, што з ёй здарылася. Ляўчук жа ўпарта думаў, што тут ім заставацца нельга. Тут не месца, тут іх занадта проста могуць насцігнуць немцы.

— Так, давай уставай! Луг пяройдзем, вунь там саснячок, там зашыемся.

Клава запаволіла дыханне, сцялася, відаць, зрабіла над сабой намаганне і ўстала.

Яны даволі марудна і не адразу адолелі луг, пералезлі цераз аброслы асакой і аерам ручай. Праз рэдкі сасоннік узабраліся на пагорак, і Клава зноў знямогла ўпала на сухі верасовы дол. Мужчыны абодва спыніліся, Ляўчук скінуў з галавы прапацелую кепку, ён ужо ўгрэўся, ужо з неба няблага прыгравала сонца, дзень збіраўся быць спякотны і ціхі. Дзень гэты трэба было перажыць, што ў іхнім становішчы было не меней, чым перажыць вечнасць. Асабліва з такой спадарожніцай.

— Ах, халера! — сказаў Ляўчук і ўважлівей паглядзеў на Грыбаеда. Той, сіпла і стомлена дыхаючы, цярпліва стаяў у сваім вузкаплечым мундзірчыку, аздобленым мноствам кішэняў і гузікаў —Хоць бы дзе баба якая. Які лагер сямейны, ці што? Як на грэх…