Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 21

Васіль Быкаў

Во тады яна і расплакалася.

Плакала яна ад крыўды на сябе, што гэтак бязбожна праспала сваю першую ў жыцці баявую службу, што яны так недарэчна пашкадавалі яе. Рэшту дарогі яна была прыгнечаная і маўклівая, і Ляўчук лаяў сябе за нерашучасць, недарэчную сваю зважлівасць, але ж ён хацеў толькі як лепш — ён мераў на свой партызанскі аршын, хто ж ведаў, што ў гэтай масквічкі свае, іншыя, чым у яго, меркі.

5

Хмызняк на ўзлеску паварочваў убок, нават трохі кудысь назад, наперадзе ляжаў бульбяны палетак, а Залоззя нідзе не было відаць. Яны не надоўга спынілі каня, агледзеліся, але вёска, калі яна дзе і была, дык толькі наперадзе. У доле з-пад ног беглі кудысь свежыя, мабыць, на днях абганяныя, баразёнкі з фіялетавымі зорачкамі кветак на сакаўным лісці, і яны ўвайшлі ў бульбу. Шырэйшай баразной павялі каня, самі пайшлі поруч.

Бульбоўнік быў невысокі і не дужа замінаў хадзе. Зводдаль цягнуўся шнурок нейкіх дрэўцаў і кусцікаў, далей зноў быў лог, і за ім цямнеў хвойны лес, а дзе была тая вёска — не ўгадаць.

Яны ішлі моўчкі, колькі разоў папраўлялі на кані Ціханава, які збіваўся на адзін бок. Паранены ціха стагнаў, скрыгаў зубамі, а рукамі ўчэпіста трымаўся за прыладжаны да хамута аўтамат.

— Доўга яшчэ? — выціснуў ён праз зубы.

— Што — доўга? — не зразумеў Ляўчук.

— Мучыцца мне доўга яшчэ?

— Нядоўга, нядоўга! Патрывай трохі.

— Дзе немцы?

— Ды няма немцаў. Што ты баішся?

— Я не баюся. Я не хачу дарма мучыцца.

У словах дэсантніка гучаў яўны надрыў і пакута, увогуле зразумелыя ў ягоным стане, і Ляўчук не стаў яго пераконваць у лепшым — ён адчуваў нейкую яго праўду і нават ягонае права наракаць на іх. Ён ужо нагледзеўся на розных параненых і ведаў, што цяжкія, яны нібы дзеці — і капрызлівыя, і крыўдлівыя, і што з імі трэба па-добраму, з лагодай. Праўда, часам трэба і са строгасцю. Строгасць разумелі ўсе, хоць і не кожны раз яе дазваляла сумленне, некаторых проста было шкада.

Мабыць, яны недалёка яшчэ адышліся па той бульбе ад узлеску, як ззаду раптам устрывожана крыкнула Клава:

— Ляўчук! Ляўчук, глянь!..

Ляўчук азірнуўся на яе — дзяўчына прысядала ў баразне і, утуліўшы голаў, пазірала ўбок. Ён таксама зірнуў туды — у рэдзенькіх кусціках праз які кіламетр ад іх стаяла некалькі крытых брызентам машын і між іх сноўдалі нейкія постаці ў казыркастых шапках. Вядома, то былі немцы.

Ён толькі зірнуў туды, і нешта з паныласцю абарвалася ў яго грудзях ад жахлівае думкі — папаліся! Папаліся-такі добра, сярод поля, з канём. Цяпер што?..