Читать «Воўчая зграя» онлайн - страница 20

Васіль Быкаў

Не паспелі яны што сцяміць, як іх новы раыст кулём кульнуўся з саней і зашыўся ў градку маладога ельнічку за канавай. Збянтэжаны Зялёнка прытрымаў каня, яны моўчкі, нічога не разумеючы, прыўсталі ў возе і ўтаропіліся ў ельнік, адкуль, нацэлены на іх, ужо тырчаў варанёны ствол ППШ.

— Стой! Ни с места! — прагучэў адтуль здранцвелы голас напалоханага чалавека, які ў такім стане мог зрабіць немаведама што. I ў тое ж імгненне яны здзіўлена схамянуліся ад выбуху нястрымнага і залівістага па сваёй весялосці смеху. Радыстка залівалася хвіліну, не менш, аж павалілася на салому на дне саней, і шапка з яе галавы ўпала на снег на дарозе, рассыпаўшы па каўняры кажушка цэлае бярэма светлых, ашчадна пастрыжаных валасоў.

— Ой, не могу!.. Ой, кончаюсь!..

Ужо заўсміхаўшыся, яны адначасова з засцярогай паглядвалі за канаву ў ельнічак, адкуль не адразу, з асцярогай у кожным руху вылез радыст і, не апускаючы аўтамата, стаў на дарозе, быццам не ведаючы, што рабіць, як рэагаваць на ўсё гэта і найперш на здзеклівы смех ягонай напарніцы.

Насмяяўшыся ўволю, яна падняла з дарогі шапку, акуратна падабрала ў яе бялявыя свае валасы.

— Ладно, Лещев, хватит! Посмешили партизан…

Ляшчоў тады памалу апусціў аўтамат, падышоў і бокам сеў у самым задзе саней, быццам усё яшчэ не верачы, што ён дарма напалохаўся сам і дарма напалохаў астатніх. Усе няёмка маўчалі, толькі радыстка доўга не магла аддыхацца ад свайго гарэзнага смеху.

А на другі дзень яна плакала.

Нейкі атрад на іхняй дарозе ўвязаўся ў бой з паліцаямі, і яны мусілі аб'язджаць гэтае небяспечнае месца, прыпазніліся і заначавалі ў знаёмай вёсцы ў сувязнога. Дзядзька хораша прыняў іх, напаліў у хаце і разаслаў на падлозе саламяны куль, на які яны і паваліліся спаць. Радыстка ж папрасілася на печ, маўляў, ніколі ў жыцці не спала на печы, дзе ўсё ёй было так незвычайна, цікава і нова. Яна доўга дапытвалася гаспадыні, як і што там награваецца, куды ідзе дым, якія і для чаго зёлкі тырчаць пад бэлькай і што ў мяшэчках у запечку. Перад тым, як укласціся спаць, размеркавалі гадзіны варты ў двары, хоць дзядзька і ўзяўся сам ахоўваць іх у сваім доме, ды Ляўчук не хацеў спадзявацца на аднаго дзядзьку. Каб нікому не было крыўдна, ён, як гэта рабілі ў разведцы, кінуў жэрабя — кожны выцягнуў з яго шапкі паперку з напісанымі на ёй гадзінамі варты. Усім па пары гадзін за ноч — такое работы. Яна таксама захацела стаяць нароўні з усімі і выцягнула паперку чацвёртае змены ад трох да пяці — самы нязручны і санлівы час ночы. Ляўчук прапанаваў памяняцца, ён стаяў да трох, але яна ні за што не згадзілася, яна хацела нароўні з усімі выконваць свае партызанскія абавязкі. Ляўчук не надта настойваў, ён зважаў ёй ва ўсім і ноччу, адстаяўшы сваё, накалелы ад марозу, зайшоў у хату. На чалесніку цьмела застаўленая засланкай газнічка, храплі на саломе хлопцы, ён ціхенька пратупаў на ўмерзлых падэшвах у запечча і паклікаў яе. Яна не азвалася, а інакш пабудзіць яе ён не мог, ён проста не адважваўся дакрануцца сваёй рукой да яе востранькага ў гімнасцёрцы пляча, якое вытыркалася з-пад коўдры. Паклікаў яшчэ раз, але яна так соладка спала, што трэці раз ён клікаць не стаў, пагрэў у чалесніку рукі і выйшаў. Ён адстаяў і яшчэ дзве гадзіны — за яе, а пасля ўжо разбудзіў хлопцаў, і яны пачалі збірацца ў дарогу.