Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 69

Васіль Быкаў

— Во ўжо не! — выкрыкнула яна, скаланаючыся на цвёрдай падлозе. — Гэта не будзе. Не думай. Я цябе бараніць не буду.

— А я і не прашу мяне бараніць. Ты толькі пацярпі трошкі. Да Скідзеля. Во і ўся твая задача.

Зоська ў роспачы ўся абвяла і сціхла. Значыць, яна не памылялася, адгадаўшы ягоны намер, значыць, ён яе павядзе ў паліцыю. Дзіва толькі, як яна не разумела таго ў самым пачатку. Паддалася яго прывабнасці, наслухалася ягоных прызнанняў, растала ад яго кахання. Во гэта каханне, каб яно спрахла! А яна думала… Колькі яна перачытала пра яго ў кніжках, нагледзелася ў кіно. Колькі марыла пра яго да вайны ды і пасля ў лесе! Якім яно ўяўлялася ёй прыгожым! А выпала горшае за самое жыццё. I хто вінаваты? Немцы? Вайна? Час? Антон лічыць, што ва ўсім вінавата яна. Яна ж упэўнена, што ўсяму віной ён і яго шкурныя планы. На якога д’ябла яны сышліся на адной сцежцы ў той начны час каля незамерзлай Шчары, нашто яна дала выцягнуць сябе з рэчкі? Ці не лепей было ціха і неўпрыкмет булькнуць пад лёд, каб не перажываць столькі перажытых і яшчэ наканованых ёй пакутаў?

14

Антон усё прыслухоўваўся да нямой цішы ночы, чакаў пачуць у двары знаёмы тупат каня, часу ўжо мінула даволі, павінен быў вярнуцца гаспадар. Але той не вяртаўся, хаця, напэўна, ужо было больш як за поўнач. Скурчыўшыся, Зоська ляжала на падлозе, і Антон раз за разам пазіраў на яе, каб не развязалася. ён ужо вынес ёй свой прысуд, і, як ні дзіўна, яму не было яе шкода — хай прападае. Няхай прападае, калі яна такая дурніца, ні д’ябла не разумее ў жыцці, не хоча ацаніць ягонай рэдкай па гэтым часе адвагі. Сапраўды, ці шмат знайшлося б у атрадзе мужчын, якія б дзеля такой смаркачкі адважыліся б рызыкаваць галавой, ратаваць яе ад вайны. А ён вось адважыўся. ён пакінуў атрад, правёў яе скрозь асіныя паліцэйскія гнёзды, аберагаў, саграваў. А яна? Чым за ўсё тое адплаціла яму яна?

Як апошняя ідыётка, яна не можа зразумець розніцы паміж гэтай вайной і тым, што пра яе пішуць у газетах і гавораць на мітынгах. А яшчэ студэнтка! А можа, менавіта таму, што студэнтка. Адукаваная, начыталася кніжак. Ён дык не дужа любіў гэтыя кніжкі, бо жыццё прывык спасцігаць практычна і ведаў, што практыка — найлепшая школа жыцця, якую не пройдзеш па кніжках. Трэба заўсёды глядзець, як робяць жыццё другія, і самому рабіць гэтаксама — атрымаецца калі і не лепш, дык і не горш за астатніх. I яшчэ не марудзіць, не плесціся ў хвасце, не з’явіцца да шапачнага разбору. Хаця і спяшацца таксама не трэба, трэба добра агледзецца і прыйсці ў самы час. А яна: здраднік, прадажнік! Куды як грозна і страшна, але па сутнасці ўсё няправільна. Цяпер, калі з ягоных намераў нічога не выйшла, што ж яму застаецца? Адпусціць яе з Богам у Скідзель, а куды самому? I які ад яе будзе толк у гэтым Скідзелі? Ля першага ж кантрольнага пункта яе спыніць паліцыя, перадасць гестапа і — бывай, Зоська! Закатуюць, знявечаць і павесяць на плошчы перад касцёлам. Ці расстраляюць у рове. I каму якая з таго будзе карысць? А то яшчэ выведаюць на допытах адрасы, яўкі, прозвішчы сувязных і агентаў, пачнуць хапаць сем’ямі, загубяць многа людзей…