Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 62

Васіль Быкаў

— А з таго боку?

У другі канец хлява, адгароджанага дашчанай сцяной, вялі нізкія дзверцы з двара. Яны абышлі кучу гною ля ўвахода, і гаспадар, адкінуўшы падпоркі, расчыніў дзверы. Тут смярдзела свіннямі, чутна было іх соннае хруканне ў саломе, наўрад ці тут мог стаяць конь. Усё ж для пэўнасці Антон пасвяціў цераз парог запалкай і зразумеў: дарма.

Але гэта ўжо было зусім недарэчна і дзіка. Навошта ён тады рабіў гэты спектакль, вязаў Зоську? Не нясці ж яе на сабе пяць кіламетраў у Скідзель. Аднак няўжо ж гэтая заможная кулацкая гаспадарка сапраўды абыходзілася без каня? Ці яго ўсё ж дурылі, як блазна, дзесьці схаваўшы каня, якога ён проста не мог знайсці ў гэтым лабірынце будынкаў?

Яны выйшлі ў двор, Антон прыпыніўся. Спыніўся і гаспадар у маўклівым чаканні таго, што павінна адбыцца далей. Але Антон цяпер абсалютна не ведаў, што можна зрабіць. Сапраўды, каня на хутары магло і не быць, яго маглі схаваць дзе ў лесе, у суседзяў, у бліжняй ад хутары вёсцы. Дзе яшчэ можна было шукаць? Антон акінуў позіркам цьмяныя ўначы сілуэты будынкаў і заўважыў наводшыбе яшчэ нейкую будыніну — ток або пуню.

— А там што?

— Там? Там, пане, сено. Але… — пачаў тлумачыць гаспадар.

— Ах, сена! Сена, значыць, імеецца, а каня няма? Ану паглядзім!

Ён хутка пайшоў па мокрым снезе да пуні, са скрыпам адчыніў лёгкія дзверы. Тут сапраўды знаёма запахла перасохлым сенам, але было цёмна, і ён зноў сунуў руку ў кішэню з запалкамі.

— Не, не! — падскочыў гаспадар, засцярожліва хапіў яго за руку. — Не можна паліць…

— Не бойся, не спалю, — сказаў Антон і ўсё ж пасвяціў ля парога. Увесь канец пуні быў закладзены сенам, побач стаялі вілы, граблі, нейкія прыслоненыя да сцяны дошкі — падобна, каня не было і тут.

— Няма?

— Нема. Я пану мувіў: забралі коня. Д’ябальшчына, дый годзе, злосна падумаў Антон, не ведаючы нават, што думаць далей. Было падобна на тое, што ён сапраўды трапіў у пастку на гэтым праклятым хутары, завяз, нібы ў дрыгве, — ні туды ні сюды. Заставалася хіба што мірыцца з Зоськай, можа, як-небудзь улагодзіць яе. Але для таго прыйдзецца яе развязаць, якая ж размова са звязанай?

Вузкай сцяжынкай яны павярнулі да хаты. Антон на хвіліну прыслухаўся: ці не едзе хто па дарозе? Але скрозь было ціха, над лесавой раўнінай ляжала глыбокая ноч, рэзка дзьмуў вецер з захаду, снег пад нагамі раставаў, было сыра і зябка.

13

Калі Антон зачыніў дзверы ў трысцен, Зоська асталася на затаптанай земляной падлозе і, сцяўшы ў зубах плюшавы ражок каўняра, моўчкі плакала. Ніколі яшчэ за дзевятнаццаць пражытых гадоў ёй не было так балюча і крыўдна. Кароткая барацьба з Антонам зусім знясіліла яе, як яна ні змагалася, але не магла абараніць сябе ад мужчынскай сілы Антона, ён расправіўся з ёй за некалькі кароткіх секунд, і цяпер яна не магла варухнуць ні нагой, ні рукой — так ён туга скруціў іх вяроўкай. З кароткай размовы Антона з гаспадаром Зоська сцяміла пра ягоны намер і зразумела таксама, што яна прапала. Як апошняя недалэга, яна даверылася гэтаму шкурніку, а затым паўдня сумнявалася ў яго чорнай здрадзе, спрабуючы ў чымсь пераканаць яго, не даць зрабіць свой апошні пагібельны крок. Цяпер вось яе чакала расплата. Ён купіць сабе жыццё цаной яе гібелі, як дурную цялушку, павязе яе на расправу паліцыі.