Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 4

Васіль Быкаў

Яна спалохана кінулася да берага, маючы намер саскочыць з абрыву, але ўбачыла ўнізе цемнаватую паску мокрага снегу і пабегла далей. З-пад снегу ля самай вады тырчаў нейкі сук, яна на бягу выдрала яго і вяршалінай з наліплым брудным лісцем перакінула цераз чорны паток на крыгу. Аднак сук аказаўся кароткі, да таго ж здорава выгнуты пасярэдзіне, ён адразу перавярнуўся і амаль увесь схаваўся ў вадзе. Баючыся, што не паспее, і ліхаманкава працуючы рукамі, Зоська выбралася з-пад абрыву і аберуч учапілася ў нятоўсты пахілы адростак у бліжнім кусце. Нядоўга завісшы пад ім, яна зноў зірнула на поплаў: запаволіўшы крок, чалавек набліжаўся да рэчкі. Іх раздзяляла ўжо не болей як сотня крокаў, Зоська з усяе сілы тузанула дрэўца, і тое няроўна адламалася ля самага кораня. Не спрабуючы нават абламаць на ім голле, яна саскочыла з абрыву і перакінула над вадой гэтую хісткую, маланадзейную апору.

Яна ўсё ж паспела, хоць і намачыла ля берага ногі, у левым боце непрыемна захлюпала, але цяпер, мабыць, можна было адважыцца. Нядоўга думаючы і амаль фізічна адчуваючы набліжэнне таго чалавека, яна ступіла на крывы канец дрэўца і ўзмахнула рукамі.

Ёй удалося зрабіць толькі тры нясмелыя таропкія крокі, як вяршалінка дрэўца, падагнуўшыся, саслізнула з закрайка, і Зоська апынулася ў вадзе.

Гэта было жахліва ў яе становішчы. Падумаўшы, што ўсё пралала, яна інстынктыўна рванулася да недалёкай і такой недасяжнай цяпер крыгі, Але ногі яе ў вадзе раптам згубілі апору, дно пахінулася ўбок, яна шыбанула ў ваду амаль да сярэдзіны, з жахам адчуўшы, як цячэнне пругка ўдарыла яе ў сцёгны, пагражаючы зваліць з ног. I тады праз шум разварушанай целам вады, аднекуль зверху пачулася:

— Зоська, пастой! Ты што, здурнела?

«Антон?» Ахопленая спалохам, збянтэжаная, яна хіснулася ад глыбіні і замерла ў вадзе, пазнаўшы голас таго, каго меней за ўсіх чакала цяпер пачуць. Але памылкі быць не магло — спрытна сігануўшы з абрыву, Антон падхапіў з вады дрэўца і размашыста кінуў яго мокрым вяршком ёй у рукі.

— Ану, трымай! Я пацягну…

Яна ўжо і сама ўправілася з даволі моцным на глыбіні цячэннем і, спакваля пераборваючы спалох, ухапілася за голле дрэўца, дужа пацягнуўшы за якое, Антон вывалак яе з вады.

— Давай сюды! Бо, на сухое… Эх ты, дурніца! Хіба так можна кідацца?

— Ой і напалохаў жа ты мяне… А адкуль ты ўзяўся?

— Узяўся. Хіба так можна? Тут глыбіня — во! — адмераў ён сабе далонню па грудзі, I яна, ледзьве стрымліваючыся, каб не закалаціцца ад сцюжы, паглядзела ў ягоны твар. Не, ёй не здалося, гэта сапраўды быў ён, партызан з трэцяга ўзвода Галубін, якога яна некалькі дзён назад пачала зваць Антонам.