Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 5

Васіль Быкаў

— А я гляджу даганяе нехта. Так напалохалася, што… Сэрца ледзьве не выскачыць.

— Прамокла дужа? Ну, канешне! Ану, быстра за мной! — скамандаваў ён. — Бягом! Тут вёска недзе была.

Яна не пярэчыла, адразу паддаўшыся ягонай уладарнай патрабавальнасці, тым больш што патрабавальнасць гэта была ёй паратункам, яна і сама адчувала, што гэтак нядоўга і задубець на ветры. Узлезшы на абрыў, ён пабег па-над рэчкай кудысьці па поплаве ўлева, і яна, ледзьве трываючы сцюжу, якая паліла ногі і ніз жывата, пабегла следам.

— Рукамі, рукамі во так! — паказаў ён, замахаўшы на бягу рукамі. — Угору-ўніз! Угору-ўніз! Грэйся!

Рака павярнула пад лес, цёмная сцяна якога адышлася і спакваля знікла ў прыцемках, дзесь там жа зніклі пакручастыя прырэчныя вольхі. Яны беглі па поплаве ў напрамку нізенькіх зараснікаў, што цямнелі на снезе, і яна адчувала, як усё болей дранцвеюць ногі ў мокрых пацяжэлых ботах; спаднічка спярша мокра хлюпала, пасля пачала цвярдзець на марозе, сподкі яе засталіся ў рацэ, і рук яна амаль ужо не адчувала.

— Адкуль ты ўзяўся? Цябе што — паслалі за мной?

— Паслалі, ага. Супакойся. Ты ж такая разведчыца, што…

— А што?

— Ды нічога. Добра, паспеў, а то б…

Яна ўсё яшчэ не магла пераадолець збянтэжанасці, зразумець, чаму ён апынуўся тут, за дзесяць кіламетраў ад лагера. Калі яе пасылалі ў гэтую дарогу, не было і размовы аб Галубіне, рыхтавалі на заданне яе адну. Але вось ён тут, і першае яе здзіўленне хутка сталася радасцю. Гэта была прыемная для яе нечаканка, калі б толькі не той яе недарэчны спалох, які па-дурному штурхнуў яе ў раку. Але хто ведаў, што гэта Галубін, а не які-небудзь паліцай або немец. Прымаючы папрок, Зоська вінавата маўчала. Сцюжа ўсё болей скоўвала яе рухі, ногі вышэй калень нядобра гарэлі, быццам абпаленыя, унутры, праўда, ад доўгага бегу рабілася цяплей, але яна адчувала, што спыняць бег нельга. У бегу быў яе паратунак, асабліва калі там, наперадзе, вёска, можа, там яна і сагрэецца. I Зоська пакорна бегла поруч з гэтым нечаканым яе выратоўцам, з якім толькі раніцой рассталася каля лагернай кухні. Яна сказала яму, што цяпер убачацца не так хутка, можа, праз тыдзень ці два. Яна не магла сказаць, куды і па што яе выпраўлялі. Галубін, аднак, штось зразумеў, насцярожыўся, нават спрабаваў затрымаць яе за рукаў, але яна вырвалася і ўжо са сцяжынкі гарэзліва памахала яму сподкам. Пасля таго, як атрад перабазіраваўся ў паўднёвую частку Сухога балота і яна пачала памагаць Сцепанідзе ўпраўляцца на кухні, гэты Галубін часцяком прыпыняўся ля яе, то павітаецца, то пажартуе, разы два яны нават недалёка прайшліся ўдваіх, і яна падумала, што, можа, трэба было б яму намякнуць, куды яна ідзе. Але тады, ля кухні, яна нічога яму не сказала, а пасля ёй стала не да Галубіна, гадзіны са тры яна праседзела ў штабе, слухала інструктаж начальніка разведкі Дазорцава, вывучала паролі для сувязі са сваімі людзьмі ў вёсках, пароль-пропуск праз зону суседняй партызанскай брыгады. Ведама, шлях быў не блізкі, усё трэба было вывучыць напамяць — там запытаць не будзе ў каго, і з Галубіным яна болей не ўбачылася.