Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 2

Васіль Быкаў

А то Зося Нарэйка.

Хаця што ж, кожнаму — сваё.

Зосьцы вось толькі б перайсці гэта балота, пералезці на той бок рэчкі і выбрацца на Скідзельскі шлях — там пачыналася знаёмая мясцовасць, там былі людзі, там бы яна ўздыхнула. Праўда, яна разумела, што там яе пільнавала нямала небяспек іншага роду, але цяпер ёй здавалася, што тут страшней. Яна амаль перастала пазіраць пад ногі, дзе звыкла шорхала каляная ад марозу трава, — яе позірк імкнуў наперад, у пагусцелы над балотам змрок, у якім цьмела навокал мноства невыразных плям, няпэўных палос наводдаль, нейкіх незразумелых ценяў. Здавалася, усюды, замершы, пільнуюць яе балотныя здані, можа, ваўкі, а можа, і нядобрыя людзі. Але кожны раз, падышоўшы бліжэй, яна бачыла, што гэта цьмелі ў снезе высокія купіны папараці ці кусты багуну, а то і нізенькія, перасыпаныя снегам елачкі. Напэўна, нікога болей і не магло быць у гэты час на ўмерзлым балоце, аднак, па меры таго як цямнелася, невыразны загадкавы страх усё болей агартаў дзяўчыну.

Яна ўпарта гнала яго прэч, у думках лаяла сябе за палахлівасць і ўсё ўгаворвала: ну, чаго ты баішся, дурніца, што ж тут можа быць страшнае? Баяцца прыйдзецца там, дзе людзі, дарогі, варта, праверка дакументаў, паліцыя. Тут жа скрозь бязлюднае балота, непагодны восеньскі вечар, снег — усё хоць, можа, і малапрыемнае для падарожніка, затое зусім бяспечнае. Чаго тут баяцца?

I тым не менш тут ей здавалася страшней, чым там, наперадзе, паблізу ад вёсак з вартай, патрулямі, праверкамі ўсіх чужых, падазроных.

Яна ўзышла на ледзьве прыкметны ў балоце грудок, пакрыты небалотнай, без ледзяных плямаў травой, з рэдкімі зараснікамі алешніку, які бязладна шарэў на белай зямлі. Завея нібы парадзела, і хоць неба ўгары зрабілася цямней, чым дагэтуль, кустоўе відаць стала далей, за ім, здаецца, шарэла сцяна дальняга лесу, і Зоська падумала: ці не там скончыцца гэта балота? Яна набавіла кроку, рашуча кіруючы цераз грудок па зарасніку, як раптам амаль жахнулася: праз пяць крокаў ад яе матлянулася штосьці жывое і, як здалося, вялізнае, і толькі праз момант, неяк авалодаўшы сабой, Зоська ўбачыла наводдалек зайца. Вялізны русак размашыстымі скачкамі ўцякаў прэч з балота, пакуль не знік у прыцемках. Адольваючы спалох, Зоська перавяла дыханне і нерашуча, сама не ведаючы чаму, азірнулася.

Тут яна застыла ў нямым здзіўленні, на момант, але з пэўнай дакладнасцю ўбачыўшы зводдаль сілуэт чалавека, які нібыта з асцярожнай увагай назіраў за ёй ззаду. Спалохана ўгледзеўшыся ў яго, Зоська цепнула вейкамі, і сілуэт у той жа момант знік у пагусцелых прыцемках, нібы зліўся з невыразнымі плямамі зямлі і кустоўя. Абмершы сэрцам, Зоська яшчэ паўхвіліны ўзіралася, ды марна: ззаду не было нічога такога, што хоць бы прыблізна нагадвала сабой чалавека. Тады яна падумала, што памылілася, што гэта здалося, і, палаяўшы сябе за дурны спалох, прыспешаным крокам пайшла ўніз з грудка.