Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 3

Васіль Быкаў

Некалькі хвілін яна таропка крочыла драбналессем, усё ўхіляючыся ад сцюдзёнага голля алешніку і ледзьве стрымліваючы напружанае жаданне азірнуцца хоць бы таму, каб упэўніцца, што ззаду нікога няма. Але яна не азіралася, яна прымусіла сябе глядзець толькі наперад, дзе, пэўна, канчалася балота і цягнуўся па баках рэдкі зараснік, а пад нагамі роўна шархацела высокая, прысыпаная снегам трава. Там, наперадзе, ужо ўгадваўся ў прыцемках шырокі вольны прасцяг, кустоўе канчалася, да цёмнай сцяны хвойнага лесу было зусім блізка. Зоська падумала, што дзесь там павінна быць рэчка. Не Бог ведае якая гэта рачулка, у якой летам трэба было пашукаць мясціну глыбей, каб пакупацца, увосень разлілася і цяпер трывожыла Зоську — як цераз яе перабрацца? Лёгка было Дазорцаву раіць там, у лесе, пашукаць брод, які павінен быць недзе каля леснічоўкі. Але як ёй знайсці гэты брод, калі яна згубіла саму леснічоўку і нават не ведае, у якім баку тая засталася.

Так яно і аказалася — рака была тут. Яшчэ зводдаль Зоська пазнала яе, убачыўшы шэраг выгінастых вольх, якія прывольна разрасліся на краі голага дрыгвяністага поплаву. Паміж ракой і кустоўем ляжаў прасторны, засыпаны снегам лугавы прасцяг. Перш чым выйсці на яго, Зоська спынілася, зірнула ў адзін бок, пасля ў другі і, не ўтрымаўшыся, таропка азірнулася. Але ў шэрых снегавых прыцемках скрозь было ціха і бязлюдна, толькі бязладныя парывы ветру няспынна церушылі на балота снегам і тым парушалі санлівую ціш ночы.

Зоська выйшла на поплаў, рашуча кіруючы да купкі старых крывых алешын, што раскінулі над берагам адмысловую блытаніну голля. Яшчэ здалёку між іхніх камлёў яна ўбачыла супрацьлеглы, таксама парослы кустоўем бераг і нібы прыпаяны да яго цьмяны закраек лёду, які дзе-нідзе цямнеўся разводамі мокрага снегу. Такі ж, з плаўна выгінастым, нібы падталым, краёчкам лёд цягнуўся і ўздоўж гэтага берага, а паміж імі чарнела няроўная паласа чыстай вады. Была яна не шырокая, гэтая злашчасная вадзяная палоска, месцамі ледзяныя берагі амаль сыходзіліся, але рака скрозь упарта разлучала іх, і Зоська нерашуча спынілася. Не, тут перайсці не было магчымасці.

Мінуўшы некалькі вольх, яна зноў падышла да невысокага, але стромкага берага. Рака тут крута паварочвала да лесу, і шырокая закраіна лёду з таго боку амаль ушчыльную падышла да абрыву ля яе ног, можа б, і ўдалося да яе дабрацца. Калі б на што абаперціся. Або яшчэ лепш пакласці з берага доўгую палку і па ёй асцярожна перайсці на той бок.

Трэба было пашукаць палку.

Схіліўшыся, каб ухінуцца ад нізка навіслага голля, Зоська абышла некалькі тоўстых вольх, мацаючы рукой іх шархоткія камлі, і незнарок кінула позірк на прытуманеную далячынь поплаву. Яна зноў палахліва здрыганулася, застыўшы ў нязручнай паставе: цяпер ужо не магло быць сумнення — цераз поплаў з кустоўя па яе слядах ішоў чалавек.

Паўхвіліны яна стаяла так, у змярцвенні, не адрываючы позірк ад поплаву. Адсюль нельга было разгледзець чалавека, начное сутонне згладжвала яго абрысы, але стракатая белізна снегу, а галоўнае, таропкія рухі яшчэ здалёк выдавалі яго. Паўзіраўшыся, Зоська зразумела, што гэта — мужчына і што кіруе ён да ракі ўпэўненым крокам чалавека, які мае пэўную мэту і, мабыць, ведае шлях. Рукі яго мерна пацепваліся ў такт кроку, здаецца, яны не былі занятыя зброяй ці якой ношай, але ці меў ён што за спіной, яна не магла згледзець. Тым не менш яна востра адчула, што ён ужо бачыць яе, што ёй трэба як найхутчэй уцякаць і што ўцячы ў яе становішчы можна толькі ў адзін бок — за раку.