Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 30

Васіль Быкаў

«Малайчына, правільна. Не заблудзіўся», — з задавальненнем падумала яна пра Антона і бягом дагнала яго.

— Ну, во, пажалста. Выйшлі! — кіўнуў ён рукой на разлеглае ўнізе рэчышча.

Яны нетаропка абышлі маладыя хвойкі і спыніліся на абрыве. Унізе, каля іх ног, магутна гнаў сцюдзёныя хвалі Нёман.

Некалькі разоў у дзяцінстве Зоська бачыла гэтую раку, але ўсё ў летні час, і тая не рабіла на яе вялікага ўражання — абмялелая, з пясчанымі залысінамі берагоў, яна здавалася тады нешырокай, спакойнай, раённага маштабу рачулкай. Цяпер жа выгляд яе змяніўся так, што было не пазнаць, быццам гэта была другая рака, так яна раздалася ўшыркі і з імклівай магутнаю плынню несла ў сабе нейкую таямнічую, нават пагрозлівую сілу. Ва ўсю яе бачную з гары даўжыню ішло «сала» — густая мешаніна крыг з абцёртымі, нібы ў стылым тлушчы краямі, якія няспынна плылі і плылі, штурхаючыся і кружачыся, і ціхі, таемна-магутны шоргат стаяў над ракой. Абрывістыя лясныя берагі шырока расступіліся перад напорыстай сілай стыхіі, абыякавай да іх спакойнага расліннага жыцця, занятай сабой і сваім спрадвечным рухам да мора.

— Астравок, здаецца, вышэй будзе. Мы трохі ніжэй выйшлі, — сказаў побач Антон.

Зачараваная суровай прыгажосцю ракі, Зоська хвіліну не магла адвесці ад яе вачэй, думаючы, як жа ім пераправіцца цераз гэтую ледзяную плынь? Дзе знаходзіцца Астравок, яна не задумвалася, яна ўжо прывыкла, што ў такіх справах Антон разумеў болын, зноў жа, увосень ён тут усё скалясіў са сваёй групай. Не спускаючыся да вады, яны пайшлі па-над абрывістым берагам у пошуках гэтага самага Астраўка.

— Значыць, так, — павярнуўся да яе Антон. — На заставе там Петракоў. Або, можа, сяржант з дэсантнікаў. Той, каторага летам пад Зельвай падабралі. Дык ты назавеш пароль і скажы, што ўдваіх ідзем. Паняла?

— А ты не вернешся?

— Ты слухай сюды. Кажы так. А пасля пабачым.

Зоська не пярэчыла, здаецца, яна ўжо страціла здольнасць пярэчыць гэтаму чалавеку, усё ў якога атрымлівалася лепш і больш хвацка, чым у яе. Ён яўна адбіраў у яе ініцыятыву ў гэтым яе паходзе, але яна не трывожылася, — ну і няхай! Мабыць, ва ўсім, што датычыла вайны, ён быў болыпы спец, чым яна.

Аднак па беразе яны прайшлі кіламетры два, перш чым убачылі на рачной паваротцы прытоплены ў вадзе астравок, зарослы па берагах голым цяпер лазняком. Нёман тут раздзяляўся на два рукавы, галоўнае яго рэчышча абмінала з таго боку, а пратока ля гэтага берага была густа забіта лёдам, рух якога амаль спыніўся ў вузкім вадзяным рукаве. Трохі бліжэй абрывісты лясны бераг разразала вялізная прамоіна-роў, з якой вырывалася ўгору ледзь прыкметнае на цьмелым хвойніку шэрае клочча дыму.

— Задымілі, — сказаў Антон. — Мабыць, грубку раскачагарылі.

Не паспелі яны, аднак, наблізіцца да вусця рова, як аднекуль з кустоў насустрач выбег мітуслівы, чорненькі, бы вугалёк, сабачка, які са злым брэхам кінуўся на Антона. Антон спыніўся, прытупнуў нагой, але сабачка і не падумаў спалохацца, і толькі калі ён падхапіў з-пад ног камень, тады кінуўся назад у роў. Аднак адтуль па сцежцы насустрач ужо шкандыбаў няголены, у ватных штанах і нейкай самаробнай суконнай апранашцы пажылы чалавек з тоўста абвязанай шыяй. Ён глухавата адкашляўся, хутка супакоіў сабачку. Антон уважна павітаўся: