Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 29

Васіль Быкаў

Тым часам вузкая лясная дарожка вывела іх на шырокі прагал з бальшаком і лініяй сувязі, якія пад вострым вуглом перасякалі іх шлях. Там яшчэ здалёку былі прыкметны нейкія сляды ад палазоў ці колаў, па ўзбочыне нехта нядаўна прайшоў, пакінуўшы неглыбокія ямкі ў снезе. Антон толькі выйшаў з-за прыдарожных дрэў і адразу ж павярнуў назад.

— Давай стараной. Ну яе, гэтую дарогу…

Яны сышлі ў лес, прабраліся праз калючы гушчар маладога хвойніку і пайшлі лесам зводдаль ад бальшака, аднак не губляючы таго з поля зроку. На бальшаку было пуста, прадзірацца ж праз хваёвы зараснік і падрост каштавала немалых сіл, куп’істая лесавая зямля з пнямі, жорсткай папараццю і галлём не давалі як разысціся, і Зоська падумала: можа, варта было б рызыкнуць і пайсці бальшаком. На самай справе, яна ўжо здарова прытамілася на гэтым шляху і ледзьве спраўлялася за Антонам, шырокія плечы якога мільгалі ў зарасніках. Зоська хацела была паклікаць яго, але перадумала: добра ёй з дакументам і пропускам, а як будзе яму ў выпадку сустрэчы з паліцыяй або немцамі? Адзін ягоны наган можа загубіць абаіх… I яна моўчкі цярпліва прабіралася па ягоным следзе ў неверагодна калючай хвойнай гушчэчы, з якой яны вылезлі на імшарыстую нізінку, зарослую старым змрочным ельнікам. Тут было ціха, цёмна і дзікавата, нібы ў склепе. Шумна дыхаючы, Зоська раптам заўважыла, як Антон знерухомеў наперадзе між дзвюх абымшэлых елак, і яна затаіла дыханне: з боку дарогі чуўся прыглушаны маторны гул, ён набліжаўся, з ім разам данесліся галасы, мужчынскі смех. Антон засцярожліва падняў руку.

— Чуеш, немцы…

У Зоські абмерла сэрца, яна прыслухалася — гул нядоўга патрымаўся на ранейшай ноце за ельнікам і памалу стаў слабець, аддаляцца. Падобна было на тое, што там сапраўды праехалі немцы, і яна падумала: добра, што Антон збочыў з дарогі. Так лепш, хаця і цяжэй. Мабыць, дарогі цяпер не для іх.

Пасля яны быццам усё ж згубілі бальшак, таму што за гадзіну лесавога шляху з таго боку не данеслася ніводнага гуку, зніклі і ўсе іншыя адзнакі дарогі. Антон пакрочыў трошкі марудней, і Зоська пачала выроўніваць сваё дыханне. Яна ўжо страціла ўсякае ўяўленне аб гэтай мясцовасці, ніяк не арыентуючыся ў дзікім незнаёмым лесе і спадзеючыся толькі на Антона, які, мабыць, ведаў, куды вёў яе. Яны перайшлі дзялянку са штабелем нарыхтаваных хваёвых дроў, пералезлі шырокі круты роў, з надта слізкага схілу якога Зоська з’ехала на спіне, а пасля ледзьве ўзлезла на другі, не меней абрывісты бераг. Рукавы сачка, калені і спаднічка зноў прамоклі наскрозь, выкачаныя ў снезе. За ровам вялікі лес кончыўся, пачалося драбналессе, падзьмуў вецер, у якім па-ранейшаму гойсалі рэдкія сняжынкі. Неба нядобра хмурылася, стала сцюдзёна, але нейкія няўлоўныя адзнакі ўжо сведчылі пра набліжэнне ракі, рэльеф прыкметна памкнуў уніз. I вось наперадзе, між прывольна разбегшыхся па схіле сосен, зашарэў пусты, прытуманены снегападам абшар. Вады яшчэ не было відаць, а лес скончыўся, і Зоська зразумела: яны падышлі да ракі.