Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 28

Васіль Быкаў

7

Яны трошкі збочылі ад рова і неўзабаве прытупалі да нешырокай лесавой дарожкі, прысыпанай свежым, не кратаным нагамі снегам. Антон зірнуў у адзін бок дарогі, у другі, саней адсюль не было відаць, і ён упэўнена павярнуў направа, пакідаючы ззаду шырокія сляды на снезе, у якіх зажаўцеўся дарожны пясок.

— Во, разжыўся, — сказаў Антон, дастаючы з кішэні абкрышаны кавалак хлеба. — Халера на яе, баба не хацела даваць, ледзьве выцыганіў.

Зоська міжволі праглынула сліну, атрымаўшы ў рукі палову кавалка свежага сялянскага хлеба з вузенькаю паскай сала.

— Смачна як пахне! — панюхала яна хлеб. — Любіла такі, на кляновых лістках. Мама пякла.

— Еш, — проста сказаў Антон, са смакам адкусіўшы сам.

— Зоська нарэшце ўгрэлася, ісці па роўнай дарозе было куды лягчэй, чым прадзірацца праз калючы гушчар, яна расшпіліла верхні гузік свайго плюшавага сачка і адпусціла вузел хусткі на шыі. Хвойны аснежаны бор ледзь чутна шумеў угары, зверху паволі плылі-ападалі рэдкія прыгожыя сняжынкі. Было ціха. Дзесь чуўся дробненькі стукат дзятла, але Зоська не звяртала на яго ўвагі, яна ўвесь час пазірала наперад, дзе знікала пакручастая лесавая дарожка. Туды ж кіраваў позірк і Антон, які проста і натуральна ўзяў на сябе частку яе дарожнага клопату і звязанай з ім небяспекі. Усё гэта іншы раз магло б толькі парадаваць Зосысу, але цяпер яна мала радавалася, хутчэй наадварот, — усё яшчэ не магла вызваліцца ад сваіх трывожных сумненняў. Праўда, за сябе яна менш баялася — яна трывожылася за Антона.

— Слухай, вяртайся назад. Тут ужо я сама прайду, — сказала яна, ідучы ззаду, і Антон крута азірнуўся.

— Нашто? Я правяду.

— Што, да самага Нёмана?

— Там будзе відаць, — няпэўна адказаў Антон, і яна не стала пярэчыць — адчула, што ён яе не паслухае. Яна разумела, якімі непрыемнасцямі пагражала абодвум гэта яго ўпартасць, але пярэчыць яму не магла. А можа, і не хацела нават.

— Там прыехалі па сасну. На падрубу, — кіўнуў ён галавой, трошкі стрымліваючы свой крок. — Прымачок адзін з дзеўкай. Вайна вайной, а яны будуюцца.

— Ды хіба мала такіх! Думаюць, адседзяцца, перачакаюць. Хай за іх другія ваююць, — зласліва сказала Зоська, і Антон уважліва паглядзеў на яе.

— Гэта так, — пагадзіўся ён. — Ды ўсім жыць хочацца.

Жыць хочацца ўсім, падумала яна, але, мабыць, справа не ў гэтым. Хіба не хочацца жыць тым, хто гіне са зброяй у руках, каго арыштоўваюць і знішчаюць за сувязь з партызанамі, нарэшце, тым няшчасным, ні ў чым не вінаватым, якіх нішчаць толькі за іх паходжанне? Хіба не хацеў жыць яе швагер Леанід Міхайлавіч, выкладчык матэматыкі ў местачковай школе, чалавек зусім бяскрыўдны і безадмоўны, затузаны сваёй уладарнай жонкай, роднай сястрой Зоські. Некалі здавалася Зосьцы, якая ціха недалюблівала швагра за гэтую яго бесхрыбетнасць, што ён з лёгкасцю пражыве пры ўсякай уладзе, сцерпіць усё, нікому не скардзячыся і нават ні на каго не пакрыўдзіўшыся. Але вось не ўдалося пражыць Леаніду Міхайлавічу нават першую ваенную зіму — у сакавіку яго ўжо арыштавала гестапа.

Зоська дагэтуль не магла сабе ўявіць, якую віну перад немцамі меў Леанід Міхайлавіч і завошта яны яго расстралялі. Але, мабыць, штось было, інакш бы ён так не развітваўся з жонкай, дзецьмі і Зоськай пры арышце — развітваўся назаўжды, са спакойным усведамленнем непазбежнасці кары і свайго злога лёсу.