Читать «Яго батальён» онлайн - страница 101

Васіль Быкаў

— Вера?!

— Ну, — зморана сапучы, сказаў баец. — Там, на спіралі, ляжала. Зачапілася, ледзьве адчапілі.

«Вот так яно і бывае, — пакаянна падумаў ён і аслабела выпрастаўся. — Не хапіла настойлівасці ў час адправіць з батальёна, цяпер што ж — цяпер закапвай разам з усімі». Недзе ў сярэдзіне рада ляжаў з прастрэленай галавой

Самохін, тут жа ляжала і Вера, яго франтавое каханне, нявенчаная і нераспісаная жонка ротнага. I з імі застанецца трэці, які так і не дажыў да свайго нараджэння.

Глытнуўшы даўкі ў горле камяк, Валошын адышоў убок, пазіраючы, як байцы, трохі спачыўшы, зноў пайшлі ў змрок. Кожны раз ён чакаў і баяўся, што наступнага яны прынясуць Іванова. Але Іванова пакуль што не было. Не было яго і ў варонцы, дзе яго ранкам пакінуў Валошын. Магчыма, камандзіра батарэі ўсё ж паспелі адправіць у тыл — пасля ранення яго ніхто тут не бачыў.

Праз нейкі час байцы прынеслі кагосьці яшчэ, знялі падсумкі, шынель, вынялі з гімнасцёркі дакументы, якія перадалі Валошыну. Раскрыўшы новенькую, загорнутую ў газетку чырвонаармейскую кніжку, ён павёў па ёй слабаю плямкай з ліхтарыка і ўбачыў знаёмае: Гайнатулін. Вось і яшчэ аднаго не мінула нямецкая куля, падумаў капітан. Не шмат жа давялося табе паспытаць гэтай вайны, Гайнатулін, хоць і паспытаў ты яе поўнай мерай. За адзін дзень перажыў усё, ад трусасці да геройства, а як ты загінуў, мабыць, ніхто і не бачыў.

— Давайце апускаць, — нецярпліва падганяў Гутман і скокнуў у магілу. — Насіце, мы пераймаем.

Утрох з капітанам байцы ўзяліся падцягваць забітых на ўскраек магілы і, падтрымліваючы іх за ногі, памалу падаваць Гутману. Той удвух з яшчэ адным байцом падхопліваў іх акрываўленыя, пашкуматаныя асколкамі, з перабітымі рукамі і нагамі целы і валок у другі канец ямы. Першага там паклалі лейтэнанта Круглова, пасля тых, каго яны павыцягвалі раней з траншэі. Сярод іх Валошын затрымаў на краі магілы тэлефаніста Чарнаручанку, разам з якім перажыў тры цяжкіх месяцы пад нямецкім абстрэлам, у ровіках, траншэях, зямлянках і прывык да гэтага нетаропкага, маўклівага байца, гаспадара іх бітончыка-групкі. Але вось і яго не будзе. Цела Чарнаручанкі ўжо закалянела ў згорбленай нязручнай паставе — скурчаныя рукі з пасечанымі ў лахманы рукавамі тырчалі лакцямі ў бакі, і калі капітан адну выпрастаў, яна зноў пругка сагнулася, займаючы ранейшы скорчаны стан. Твар тэлефаніста было не пазнаць, так яго знявечыла разрывам гранаты, і Валошын ціха сказаў:

— Хлопцы, перавязаць трэба.

У некага знайшоўся перавязачны пакет, Гутман, стоячы ўнізе, хутка абкруціў бінтам галаву і твар забітага. Пасля яны апусцілі яго на дно.

Яны заклалі там адзін рад і пачалі класці другі. Крайні ў гэтым радзе лёг лейтэнант Самохін, байцы неслі кагось наступнага, і Валошын раптам прыпамятаў:

— Стойце! Давайце сюды санінструктара.