Читать «Яго батальён» онлайн - страница 102

Васіль Быкаў

— А што? Якая розніца? — запярэчыў змораны, у ва-тоўцы баец, якому, відаць, не хацелася ісці лішні раз па забітага.

— Давай, давай! Там яна, недалёка…

Яны паднялі з зямлі і паднеслі да ямы худзенькае, амаль дзіцячае цела малодшага сяржанта медслужбы Вераценнікавай. Гутман акуратна паклаў яе побач з Самохіным.

— Хай ляжаць. Тут ужо нікога баяцца не будуць… «Тут ужо нікому нічога не страшна, ужо адбаяліся», — падумаў Валошын, гаротна пазіраючы ў змрок ямы, дзе Гутман у цьмяным святле з ліхтарыка паправіў на Веры гімнасцёрку, склаў на грудзях яе заўжды залітыя ёдам рукі. Колькі людзей гэтыя рукі ўратавалі ад смерці, павыцягвалі з-пад агню, паўладкоўвалі ў выпадковыя палявыя сховішчы, перавязалі, дагледзелі… Але вось наступіла і яе чарга.

Так адно за адным паклалі яны і другі рад. Апошні застаўся Гайнатулін, месца якому ў радзе ўжо не было, і яго ўціснулі ў вузкую шчыліну каля ног забітых.

— А што? Чым кепска? — сказаў Гутман. — Асобна, затое як камандзір будзе.

Ён выбраўся з ямы, у якую байцы ўзяліся дружна ссоўваць зямлю, быццам хацелі хутчэй скончыць з гэтай малапрыемнай работай. Валошыну было нязручна з яго балючай рукой, і ён выпрастаўся. Пахаванне канчалася, заставалася закапаць магілу і насыпаць земляны бугорчык, на які заўтра тылавікі паставяць драўляную піраміду з фанернай зоркай наверсе. На гэтым абавязак жывых перад мёртвымі можна будзе лічыць закончаным. Батальён, магчыма, прасунецца далей, калі будзе загад наступаць, атрымае новае папаўненне, з франтавога рэзерву прышлюць афіцэраў, і яшчэ менш застанецца тых, хто перажыў гэты пякельны бой і памятаў жывымі тых, хто тут закапаны. А пасля і тых не застанецца. Ранейшы будзе толькі нумар палка, нумары батальёнаў, і недзе, у далечы вайны, як дым, растане іх франтавы лёс.

— Ну во і парадак! — абапіраючыся на гладкі тронак нямецкай рыдлёўкі, з выдыхам сказаў Гутман. — Можна курыць. Што не дароблена, заўтра ўдзень даробяць. Абібокаў у тыле хапае.

Байцы заканчвалі падчышчаць зямлю ля магілы, выціралі спатнелыя лбы і моўчкі па адным адступаліся да бруствера ля траншэі. Валошын закурыў і перадаў свой партсігар

Гутману, у якога ахвотна закурылі астатнія. Замест запалак у некага знайшлася «кацюша» — папырскаўшы сіняватымі іскрынкамі з крэменя, баец высек агонь, і ўсе па чарзе прыкурылі ад трута — абрыўка тасьмы з дзягі.

— Думаў, сёння мяне закапаюць, — перапыніў усеагуль-ную маўклівасць Гутман. — Ды во самому закапваць прыйшлося. Цуд, і толькі!

— Як шыя? — запытаў капітан.

— Шыя? Баліць, халера. Тыдні са два прыйдзецца пакантавацца ў санбаце. Даўно ўжо не быў, аж уздрадаваўся. А што — лішне не будзе, я чалавек не торды, як-небудзь вытрываю…

Валошын не падтрымаў гаваркога ардынарца, а зморана сядзеў на брустверы, тупа адчуваючы, як у гэты злашчасны дзень нешта для яго скончылася. З нейкім вялікім кавалкам у яго жыцці адышло яго труднае камандзірскае мінулае і, мабыць, пачалося штось іншае. Сёння ён пабыў радавым байцом, і хоць і раней не далёка адступаўся ад яго, але тады была ўсё ж дыстанцыя. Сёння ж яе не стала, і ён поў-наю мерай адчуў неабдымнасць салдацкага ліха і заплаціў сваю крывавую плату за вяршок гэтай адбітай з боем зямлі.