Читать «Яго батальён» онлайн - страница 100
Васіль Быкаў
— Камбат! — амаль закрычаў ён і няўклюдна аблапіў яго сваімі доўгімі, у рукавіцах рукамі.— Жывы, значыць?
— Я? — няўцямна перапытаў Валошын.
— Ты, хто ж! А мы ўжо было цябе пахавалі. Як згледзелі, што вас немцы смажаць…
— Ты? А рота? — з натугай перамагаючы задышку, слабым голасам сказаў Валошын і закашляўся.
— Вунь, немцаў пагнала. 3 тылу зайшлі, разумееш? Куля што — куля дура, штык маладзец! — засмяяўся камандзір роты, і Валошын падумаў, які ўсё ж малайчына ў яго камандзір дзевятай і як ён раней не заўважаў таго. Збочыўшы галаву, ён услухаўся левым вухам у густую аўтаматна-вінтовачную страляніну за вышынёй і, здаецца, упершыню падумаў, што ўратаваўся.
21.
Было ціха. Як і мінулай ноччу, у сцюдзёнай цемры пранізліва дзьмуў вецер, і звечара браўся востры марозік. Агнявы бой, які шалёна грукатаў увесь дзень, памалу заціх. Немцаў прагналі з саўгаса і нейкім дзівам спіхнулі з вышыні, вяршыня якой цёмным пакатым горбам бяспечна высілася побач на фоне трошкі светлаватага закрайка неба. Часам з-за яе ўгору ўзляталі агняныя раі куль і, аддаляючыся над галавой у бяззорнае неба, памалу затухалі ўдалечыні. Праз якое імгненне даносіўся густы кулямётны рокат МГ — немцы ўсё агрызаліся. Роты за вышынёй маўчалі.
Валошын хаваў забітых.
Трое лёгка параненых і два байцы з камендацкага ўзвода зносілі іх са схілаў вышыні да адростка траншэі, дзе гаўбічны снарад выкапаў ранкам шырокую ў мяккім грунце варонку. Варонку трохі паглыбілі, зачысцілі дно, і выйшла магіла. Не вельмі каб акуратная, затое на здатным месцы, з шырокім паглядам у тыл — на балота і пагорак з учарашнім КП. Нямецкія чэргі сюды не заляталі, і нішто ўжо не трывожыла вечны спакой забітых.
Валошын памагаў байцам выцягваць забітых з абрушанай гранатамі, залітай крывёй траншэі, навярэдзіў руку, якая цяпер разбалелася ўся, ад перадплечча да кісці (напэўна, усё ж рана была болей сур'ёзная, чым яму здалося спачатку), і цяпер стаяў на кучы накапанай зямлі ля магілы. Ніжэй на разасланых нямецкіх коўдрах складзеныя ў рад ляжалі забітыя. Крайнім адсюль ён паклаў вынесенага з траншэі лейтэнанта Круглова ў густа скрываўленай і ўжо падмерзлай суконнай гімнасцёрцы. Пасечаны кулямі паўшубак камсорга Валошын накінуў на сябе — ад страты крыві і перажытага яго прабірала сцюжа. Адзін баец знімаў з забітых шынялі, вымаў з кішэняў дакументы, якія кідаў на пакладзеную ля ног палатку. Валошын моўчкі і пакутна перажываў нядаўняе; усім ля магілы дзелавіта распараджаўся Гутман. Пасля таго як Валошына знялі з камандавання, Гутман, каб не ісці да Маркіна, уцёк у дзевятую, дзе па ўласнай ініцыятыве ўзначаліў узвод з новенькіх. У часе атакі на вышыню «Вялікую» яго параніла асколкам гранаты ў шыю.
Маўклівы баец з папаўнення падроўніваў дно магілы, у якую неўзабаве трэба было апусціць забітых.
— Раз, два, тры, чатыры… Усяго васемнаццаць, — падлічыў нерухомыя целы Гутман і зазірнуў у варонку. — Малавата, халера, трэба расшырыць. Вунь яшчэ цягнуць…
Валошын з кучы зямлі сышоў уніз — у цемры было відаць, як два байцы за рукі і за ногі неслі правіслае да зямлі цела, якое знямогла апусцілі на ржышча каля нябожчыкаў — на коўдрах месца ўжо не хапала. Валошын нагнуўся над супакоеным назаўжды тварам, на секунду бліснуў па ім прыцьмелым святлом ліхтарыка ды так і знерухомеў, прыгнуўшыся.