Читать «Яго батальён» онлайн - страница 99

Васіль Быкаў

Тут ён удыхнуў на паўлёгкага і пачуў ззаду два ці тры выкрыкі, знаёмы салдацкі мацюк — гэта беглі з бліндажа свае. Не чакаючы іх, ён падаўся далей па траншэі. Напэўна, гэта было бязглузда, так вось усляпую кідацца па невядома кім занятай траншэі, за кожнаю павароткай рызыкуючы атрымаць чаргу ў грудзі. Але ён задыхаўся, яму трэба было хоць пару глыткоў паветра без гэтага атрутнага дыму, які ўсё валіў па траншэі. Чаргі, аднак, пакуль не было, немцы кудысь зніклі, і ён, трошкі асмялеўшы, прыцішыў крок, каб слепа не тыцкацца аб земляныя вуглы, і хістка пабрыў уніз па траншэі. У яго не хапала ні сілы, ні голасу клікнуць за сабою байцоў, ды ён і не ведаў, каго было клікаць, хоць ззаду ўжо нехта крычаў: «Сюды, сюды!»

У іх не стралялі, немцаў тут не было, амаль наўздагон за ім нехта бег, і гэта яго супакойвала. Не спыняючыся, ён хапаў ротам дымнае, зрэшты, трохі пасвяжэлае паветра, пакуль не стаў бачыць наперадзе бруствер, броўку траншэі, прыцьмелае неба ўгары. Вецер дзьмуў насустрач яму па траншэі, ззаду чулася недалёкая аўтаматная страляніна (нібыта на вышыні), і ён пайшоў крокам. У ягоных вачах усё плыло і хісталася, абпаленыя атрутным дымам ягоныя лёгкія натужна хрыпелі ў грудзях.

Ён ішоў па траншэі ўніз, у пракляты той вус, у які з кулямётам уварваўся ранкам. За ім валакліся па траншэі параненыя. Ён не бачыў іх і не ведаў, колькі іх засталося, але ён чуў іх задышлівы кашаль і галасы. Ён хацеў спыніцца, каб расставіць па траншэі тых, хто яшчэ мог трымаць у руках зброю і абараняцца. Але немцаў у траншэі, здаецца, ужо не было, і гэта яго здзіўляла і палохала адначасна. Некалькі разоў ён натыкаўся на трупы. Але ён не глядзеў уніз і не ведаў, свае гэта ці ворагі, а хістаючыся, нібы п'яны, і мала што разумеючы, усё ішоў па траншэі ў той бок, дзе ранкам пакінуў роты і дзе быў яго батальён.

Яго спыніў узрадаваны вокрык ззаду, і ён, не сцяміўшы, у чым справа, спалохана адскочыў, схапіўшыся за ствол аўтамата.

— Ядрыт твае лапці, камбат! — раптам басавіта прагудзела ўгары, і ён зразумеў, што нарэшце гэта свае. Каб не ўпасці, ён бокам прыпёрся да сцяны траншэі, у якую, зрушыўшы сухі пласт зямлі, уваліўся старшы лейтэнант Кізевіч.