Читать «Незагойная рана» онлайн - страница 4

Васіль Быкаў

— Мама, глянь: бачыш, якi захад? Праўда, падобна на вялiзнае пажарышча? А бадай, i сапраўды запалае зямля. Вайна будзе, мамачка. Я пайду туды, застанецеся вы з Марыськай.

Яна моцна спалохалася, памятае, зразумеўшы страшны сэнс тых слоў, заплакала, а ён ускочыў, абняў яе i супакойваў, як мог, кажучы, што, можа, яшчэ ўладкуецца ўсё пацiху. Але калi яна сцiхла, працяла благое прадчуванне, ён сказаў ужо сур'ёзна i цвёрда, як узмужнелы сталы мужчына:

— Усё ж, калi што здарыцца, я пайду, мама. Прызавуць цi не, а пайду: так трэба.

Яна не разумела ўсяго, але верыла, што калi казаў ён гэта, то сапраўды так трэба было, i не адгаворвала, не ўпрошвала яго.

I ўсё ж у сэрцы яе ён заставаўся маленькiм, добрым белагаловым хлопчыкам, якому патрэбна была яе любоў i яе клопат. Усё здавалася ёй у страшныя гады вайны, што яму недзе цяжка, што ён знемагае ад болю, ад сцюжы, ад голаду. I яна не знаходзiла сабе месца ў хаце — хацелася бегчы, знайсцi яго, памагчы, прыняць частку яго цяжару на свае плечы. Але куды было бегчы i дзе шукаць?

Iшлi гады. Яны неслi роспач, радзей кароткую, як проблiск восеньскага сонца, радасць. Людзi прыходзiлi з вайны, з партызан, многiя былi паранены, але жывыя, за другiх прыйшлi весткi аб iх гiбелi. Па iх паплакалi мацi i патроху супакоiлiся — страчанага не вернеш. Тэкля ж усё чакала — доўга, цярплiва, без скаргаў, а ён не iшоў, не адзываўся. Яе суцяшалi суседзi, колькi разоў угаворвала Марыська, якая ўжо выйшла замуж i жыла ў далёкай вёсцы. Зяць пры кожнай сустрэчы цярплiва запрашаў яе да сябе — там гадавалiся ўнукi, i яна была дужа патрэбна. Але Тэкля ўсё не магла адцурацца хацiны, дзе нарадзiўся сын i якую яна ўпарта доўгiя гады берагла для яго.

У хаце пакрысе ўсталёўваецца сляпая асенняя ноч, глухая цiш, апроч Тэклi тут нiкога няма. Быў некалi кот, ды i той звёўся чамусьцi. Вялiкае гора прыбiла ўсякi iнтарэс да жыцця, зламала характар, спарахнiла душу — нiчога нямiла цяпер старой, адзiнокай жанчыне.

Яна ўсё ляжыць, расплюшчыўшы вочы, думае свае невясёлыя думы i напружана ўслухоўваецца. Так ужо прывыкла за шаснаццаць год i трывог, i чаканняў слухаць кожны шолах i кожны гук у ваколiцы.

Але ўсюды цiха, толькi шамацiць у страсе халодны вецер ды недзе на дарозе гудзе машына. Яна, вiдаць, наблiжаецца, буксуе, пэўна ў калдобiнах тых, ля пагорка. Знячэўку сiняватае дрыготкае святло яе фар слiзгае па вокнах i кладзе ў куце пад столлю вузенькую блiскучую паску. Машына гудзе блiжэй, паска паволi сунецца па закураных, патрэсканых бярвеннях, шырэе; з'яўляюцца чорныя палосы рамы, i вось ужо на сцяне — блiскучы косы адбiтак Тэклiнага акна з адной чорнай заткнутаю шыбай. Акно ўсё хутчэй слiзгае па сцяне ў другi кут i ўрэшце знiкае, асвяцiўшы на момант вялiзны цвiк i каўнер павешанага на iм кажушка. У хаце зноў робiцца цёмна, машына з цяжкiм ляскатам i гулам мiнае Тэклiн падворак.

Тэкля нерухома слухае, думае сваё i раптам усхоплiваецца ад новай надзеi. А можа, гэта ён, можа, ён са станцыi прыехаў, стаiць цяпер ля роднае хаты, вось-вось увойдзе. Тэкля ўзнiмае голаў, слухае i сапраўды чуе няпэўныя крокi на ганку i цiхi кароткi стук. Ён! Старая ўзнiмаецца на печы, спускаецца i, сцягнуўшы за сабою ватоўку, таропка бразгоча зашчапкай. Яна расчыняе дзверы сенцаў — у твар ёй б'е вiльгаць i холад восеньскай ночы, наўкола цiшыня i цемра. На ганку нiкога, на панадворку змрок. З хвiлiну яна ўзiраецца ў ноч, слухае, i сэрца яе зноў захлынаецца ад роспачы, не хоча нiяк пагадзiцца з крушэннем надзеi. Асцярожна мацаючы ботамi гразкi дол, яна заходзiць за рог, доўга ўглядаецца ў вулiцу — нiдзе нiкога.