Читать «Незагойная рана» онлайн - страница 5

Васіль Быкаў

Потым яна вяртаецца i зноў ляжыць на печы з расплюшчанымi вачыма i слухае, слухае ўсю ноч. Пад ранак жанчына ўсё ж засынае i нiбы ў працягу сваiх думак бачыць дзiвосны сон.

Бачыць яна: нiбы настае новы, заўтрашнi дзень — дзень нараджэння Васiлькi. Яна нешта завiхаецца на панадворку i ўсё пазiрае на дарогу, чакае i пэўна ведае, што сёння павiнен з'явiцца ён, яе надзея. Жанчына ўсё рыхтуецца да гэтай сустрэчы, але чамусьцi няма радасцi на яе сэрцы ад хуткага спаткання нешта замiнае ёй, гэтай радасцi. Урэшце чаканне сустрэчы i зусiм знiкае. Жанчына палiць у печы, ёй памагае дачушка Марыська. Яны пякуць блiны i мiж справай ласуюцца святочным наедкам, зусiм забыўшыся ўжо пра Васiльку i яго хуткае вяртанне. I раптам суседская Ўльянка стукае i нешта крычыць у акно Тэклi не чутна слоў, але яна здагадваецца, што гэта вяртаецца ён. Старая выбягае з хаты i бачыць, як на той жа дарозе, што i шаснаццаць год назад, iдзе яе сын, яе дарагi Васiлька. Але ён iдзе вельмi марудна, часта спыняецца, становiцца на каленi — з iм штосьцi здарылася, яму, вiдаць, вельмi цяжка. Мацi, ахопленая нястрымным роспачным хваляваннем, наўпрасткi, праз бульбянiшча i гразь, у адной кофце, без хусткi бяжыць насустрач сыну. Яна ўжо ведае, што нешта страшнае, непапраўнае здарылася з яе Васiлькам. Жанчына, галосячы, падбягае да сына — ён, прыўзняўшыся на руках, ляжыць на дарозе, i яго малады, такi ж, як i шаснаццаць год назад, без нiводнай маршчынкi, твар спагадлiва ўсмiхаецца. Але што гэта? Чаму ў сына няма нi рук, нi ног, замест iх адны толькi кароткiя кульцяпкi? I чаму кроў на яго пiлотцы з маленькай зялёнай зорачкай. Мацi, млеючы ад жаху, хапаецца за сына, прабуючы ўзняць, i галосiць, а ён спакойна так кажа: «Нiчога, мама, усё благое скончылася. Цяпер жыць будзем…»

А потым яна бачыць яго ў роднай хаце, быццам ён сядзiць на покуце i ўжо не ў чырвонаармейскай форме, а ў шэрым пiнжачку, якi справiў перад вайной, i сур'ёзна кажа мацi: «Ну i нiчога, хоць я i загiнуў, але зноў жывы».

Ад нясцерпных жахаў яна прачынаецца на досвiтку i, знясiленая ад перажытага за ноч, нерухома ляжыць, не ведаючы, што i падумаць. Яна прыпамiнае сон, удумваецца ў яго адметныя драбнiцы, зноў пакутуе ад такога выразнага свежага ў пачуццях вiдовiшча, i чым далей, тым болей у старой мацнее ўпэўненасць, што ён вернецца. Гэтая ўпэўненасць i жаданне, каб усё здзейснiлася, ужо не даюць старой чакаць у бяздзейнасцi, яна ўзнiмаецца, хуценька накiдвае на плечы сваю свiтку. У хаце сцюдзёна, ужо даўно i зусiм астыла печ, у вокнах сiнее свежы ранак, i Тэкля кiдаецца да таго, з разбiтай шыбай, каб убачыць дарогу. Але дарогi яшчэ не вiдно, ледзь-ледзь цямнее пад нiзкiм хмарным небам пусты пагорак — i ўсё. Старая сноўдае па хаце, не ведаючы, што рабiць, за што ўзяцца, а думкi яе — на той дарозе, i сэрца ўсё больш ахоплiвае нецярплiвасць. Яна ўжо верыць, што ён недзе вяртаецца, i ўвесь час то падбягае да акна, то выходзiць на панадворак i да болю ў вачах узiраецца ў шэрую далячынь.