Читать «Незагойная рана» онлайн - страница 6

Васіль Быкаў

Калi добра развiднела, Тэкля ўжо не магла стрымаць сябе i, выйшаўшы на вулiцу, пачала ўглядацца ў дарогу. Спачатку там было пуста, потым з'явiлася нейкая фурманка, на ёй сядзела двое мужчын i кабета. Старая ўсё ўглядалася ў iх — пiльна i доўга, захлынаючыся ад нецярплiвасцi, а яны, бесклапотна гутарачы аб нечым i перасмейваючыся, так i мiнулi вёску. Потым зноў на дарозе доўга не было нiкога, аж пакуль здалёк не паказалася нейкая адзiнокая постаць. Яна з'явiлася, паматлялася на краявiдзе i недзе знiкла. У Тэклi адразу адарвалася нешта ўнутры, тупа ўдарыла ў голаў здагадка: «Ён!» Яна прыгледзелася яшчэ i ўжо не магла стрымацца. Не зачынiўшы нават сенцаў, у бахiлах набасанож старая хутка пайшла па дарозе. Спачатку яна абмiнала гразь, пазiраючы то пад ногi, то на пагорак, потым прыбавiла кроку i ўжо не разбiрала дарогi. У нiзiне ля калдобiн, калi знiк з вачэй пагорак, яе ахапiла трывога. Здалося жанчыне, што яна познiцца, што ён упаў там i ляжыць пакалечаны, i мацi, цяжка дыхаючы, кiнулася подбегам.

Сэрца яе ледзь не разрывалася ад гора i напружання, пакуль яна выйшла з лагчыны. Вось-вось, здавалася, яна ўбачыць яго, як у тым сне, на дарозе, зняможанага, пакалечанага. Яна, захлiпаючыся ад стомы i хвалявання, узлезла на пагорак, але дарога была пустая. Гэта было першае расчараванне, але яно не пахiснула веры жанчыны. А можа, ён далей, можа, за параснiкамi цi ў Лужку, думалася ёй, i старая, не спыняючыся, бегла далей.

Над шырокiмi прасцягамi, раллёй i голымi пералескамi непрыкметна зачаўся сумны восеньскi дзень, было ветрана i сцюдзёна. Нiзкае неба поўнiлася цяжкiмi азызлымi хмарамi — яны суцэльным бясконцым статкам плылi з захаду, несучы першы зазiмак.

Тэкля не спынiлася нi на пагорку, нi ля параснiкаў, яна не магла ўжо суцiшыць хады — усё ў ёй iрвалася наперад, туды, адкуль яна чакала яго. Увесь час здавалася старой, што вось-вось яна дасягне горкi цi абмiне хмызняк i ўбачыць яго, i жанчына ўсё прыбаўляла хады.

Але ён не паказаўся нi з-за горкi, нi з-за параснiкаў, а сiлы старой пачалi слабець. Адзiн раз яна прытулiлася да тэлефоннага слупа, нiбы ўпершыню здзiвiўшыся марнасцi надзеi, зiрнула назад, наперад. Як добра, падумала старая, што бацька пахаваны дома, на вясковых могiлках, што ў яго дагледжаная магiлка, а дзе ён? Дзе пахаваны ён? — нема крычала яе душа. Няўжо сапраўды ўсё скончана i нiколi ёй не дачакацца яго i давядзецца падацца ў чужыну да зяця?.. Але чаму пахаваны? Не можа быць, каб памёр ён, ён павiнен жыць, ён iдзе гэтай дарогай, дык трэба спяшацца сустрэць яго. I яна шкандыбала па гразi ў невядомую далеч дарогi.